Алена Леўчанка звярнулася да спартоўцаў, якія выступаюць "за мір"
Алена Леўчанка
Знакамітая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка прызналася, што не разумее калег-спартоўцаў, якія ў цяперашняй напружанай сітуацыі выбіраюць для сябе пазіцыю "я — за мір".
"Мне цікава: за які менавіта вы мір? За той, які ў Паўночнай Карэі? Там жа таксама "мір". Ці за мір, у якім не парушаюцца правы чалавека, ёсць свабода слова і думкі?" — звярнулася яна праз Instagram да калег.
"Сапраўднага "міру" ў нашай краіне няма даўно", лічыць Леўчанка. Яна заклікала спартоўцаў называць рэчы сваімі імёнамі, няхай гэта будзе іншая, але сумленная і адкрытая пазіцыя.
"Мы імкнемся да краіны, у якой маюць права быць розныя меркаванні, і за гэта не будуць караць, пагражаць, збіваць або садзіць у турму. Таму хай гэта будзе іншае меркаванне, але дакладнае, яснае і зразумелае — вашае асабістае, а не нейкі абцякальны аморфны "мір", — сказала яна.
Яна заклікала калегаў быць сумленнымі хаця б з сабой.
Алена Леўчанка разам з групай іншых спартоўцаў актыўна ўдзельнічала ў мірных пратэстах. Яна была сярод 830 спартоўцаў, якія падпісалі зварот за новыя сумленныя выбары і супраць гвалту.
У канцы верасня яе затрымалі і пакаралі 15 суткамі арышту. Пры гэтым умовы ўтрымання на Акрэсціна былі невытлумачальна жорсткімі. У яе, па словах спартоўкі, забралі матрац і бялізну. Не было гарачай вады. Праз немагчымасць прытрымлівацца гігіены — у душ не вадзілі 13 дзён — у яе з'явіліся вошы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.