Алена Зяленская расказала, як вайна паўплывала на яе дзяцей
Уладзімір і Алена Зяленскія з дзецьмі / Фота з сацсетак
Жонка ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага Алена расказала ў інтэрв'ю NBC News, як вайна паўплывала на іх дзяцей. Сыну Зяленскіх 9 гадоў. Раней ён хадзіў у ансамбль народнага танца і граў на піяніна.
Цяпер "адзінае, чым ён хоча займацца, гэта баявыя мастацтвы і ўменне абыходзіцца са зброяй", кажа Зяленская.
Першая лэдзі Украіны на гэтым тыдні была з візітам у ЗША. Яна сустракалася з афіцыйнымі асобамі, выступала ў Кангрэсе. І падчас усіх гэтых сустрэчаў і выступленняў прасіла дапамогі, у тым ліку дадатковых паставак зброі.
"Я прашу зброі — зброі, якая будзе выкарыстоўвацца не для вядзення вайны на чужой зямлі, а для абароны свайго дома і права прачнуцца жывым у гэтым доме", — казала яна
Падчас выступу ў Кангрэсе яна таксама апісала страх і пачуццё небяспекі, якія ахапілі ўкраінцаў. Паводле словаў Зяленскай, яна вельмі хоча, каб дзеці маглі зноў мець нармальнае жыццё. "І вось чаго я сапраўды хачу дамагчыся, дык гэта таго, каб дзяцінства майго сына было вернутае яму, і каб ён атрымліваў асалоду ад свайго жыцця ў поўнай меры", — сказала яна ў інтэрв'ю NBC.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.