Алкаголь, тытунь, паліва: колькі дзяржава зарабляе на акцызах
У 2019 годзе акцызныя зборы, якія налічваюцца дзяржавай на паліва, алкаголь і цыгарэты, а таксама плата за акцызныя маркі мусяць прынесці ў бюджэт Беларусі 2,4 млрд рублёў. Гэта вынікае з закрытай часткі бюджэту, якую атрымала Еўрарадыё.
Даходы ад акцызаў на алкаголь у праекце на 2019 год мусяць скласці 933,1 млн рублёў, на паліва — 556,2 млн, на тытунь — 860,8 млн. Яшчэ 62 млн рублёў мусіць прынесці плата за акцызныя маркі.
Мы параўналі даходы ад акцызаў з 2017 па 2019 год:
Як відаць з графіка, даходы ад акцызных збораў на алкаголь стабільныя, яны трымаюцца на ўзроўні 900 млн рублёў. Тое ж можна сказаць пра даходы ад платы за акцызныя маркі. А вось з акцызамі на тытунь і паліва сітуацыя іншая. Першыя год ад году растуць, другія падаюць. Чым гэта тлумачыцца?
Беларускі бюджэт губляе на акцызах на маторнае паліва праз спыненне паставак расійскіх нафтапрадуктаў у Беларусь. У 2017 годзе паступленні ў бюджэт ад акцызаў на імпартаванае з Расіі аўтамабільнае паліва склалі 169,3 млн рублёў. Аднак увесь 2018 год пастаўкі скарачаліся, пакуль у снежні не спыніліся зусім — Расія ўвяла абмежаванні праз страты свайго бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі. У выніку паступленні ў бюджэт па гэтым артыкуле ў 2018 годзе склалі толькі 93,4 млн рублёў (па разліковай ацэнцы).
У праекце бюджэту Беларусі на 2019 год паступленні ад акцызаў на расійскае паліва не прадугледжаныя ўвогуле. Адсюль і далейшае падзенне даходаў па гэтым артыкуле.
Што да тытуню, дык у лістападзе 2018 года краіны ЕАЭС дамовіліся пра ўвядзенне індыкатыўнага акцызу на тытунёвыя вырабы. Плануецца, што з 2024 года ў ЕАЭС будзе ўстаноўлены адзіны акцыз — 35 еўра за 1 тысячу цыгарэт. На момант падпісання дамовы ў Беларусі акцызныя зборы на тытунёвую прадукцыю былі істотна меншыя. Нашая краіна "даганяе" — акцызы растуць, а разам з імі і прыбыткі беларускага бюджэту.
Калі гаворка ідзе пра тытунь, можна паглядзець яшчэ, колькі атрымлівае бюджет ад вытворцаў цыгарэт у выглядзе падаткаў. Па даных Міністэрства па падатках і зборах, у 2017 годзе два беларускія вытворцы “ГТФ “Неман” і “Табак-Інвест” сплацілі падаткаў на 903,4 мільёна рублёў, у 2018-м гэтая лічба павялічылася да 1,23 мільярда рублёў, а толькі за 6 месяцаў 2019-га ўжо сплачана 722,1 мільёна рублёў.