Анатоль Лябедзька: Актывісты, вяртайцеся ў Беларусь
Час выязджаць з Беларусі і час вяртацца. Лідар АГП заклікаў "уцекачоў пасля 19 снежня" набыць білет да Мінска.
"Час выязджаць з Беларусі і час вяртацца. Пасля 19 снежня дзясяткі актывістаў аселі ў замежжы. Рызыкну заявіць, што ледзь не ўсім (выключэнні ёсць заўжды), настаў час набыць білет да Мінска. Самы час, як паказвае прыклад Юрася Карэтнікава. Так, улада напаскудзіць вяртанцам. Але дробненька. На большае, напрыклад, крымінальны пераслед, ручкі кароткія. Так што, калі вы ў стане вытрымаць псіхалагічны ціск КДБ, 10-15 сутак за "спраўленне патрэбы ў неналежным месцы", то можна дапамагчы Радзіме на радзіме", - напісаў Анатоль Лябедзька ў Фэйсбуку.
Еўрарадыё: Ці маеце вы права заклікаць маладых людзей, якія, можа, добра ўладкаваліся за мяжой, вяртацца ў Беларусь, дзе ўжо 20 гадоў палітычныя змены толькі да горшага, эканамічныя і сацыяльныя да яшчэ горшага? Што ім можа прапанаваць Беларусь і ці могуць яны ў сённяшніх варунках штосьці прапанаваць Беларусі?
Анатоль Лябедзька: У мяне кропкавы зварот. Ён да тых актывістаў, якія былі змушаны з'ехаць пасля 19 снежня менавіта таму, што былі пагрозы для іх свабоды. Асабістай. І гэта катэгорыя - а іх дзесяткі людзей - знаходзіцца сёння ў Варшаве, Вільні, у іншых месцах. Яны гавораць: мы хацелі б вярнуцца, мы не хочам быць у эміграцыі. Сёння, пасля судовай справы Карэтнікава, мы можам сказаць ім: "Вяртайцеся". Гэта не датычыць тых, хто навучаецца па праграме Каліноўскага, альбо тых, хто з'ехаў з Беларусі год-тры-пяць таму, уладкаваўся за мяжой і там жыве. Я гавару пра той палітычны сегмент, тых актывістаў, тых лідараў, якія з'ехалі, але лічаць, што гэта часова.
Еўрарадыё: Вы лічыце, што зараз яны могуць быць карыснымі ў краіне? Што апатыя, ў якой знаходзіцца значная частка грамадства, скончыцца? І гэтыя актывісты маглі б на гэтае грамадства паўплываць?
Анатоль Лябедзька: Пад ляжачы камень не цячэ вада. Я канстатую, што сёння ёсць дэфіцыт людзей актыўных, крэатыўных. Сёння кожны можа рабіць вялікую справу. А гэтыя людзі, якія зараз знаходзяцца ў эміграцыі, маюць арганізацыйныя здольнасці. Я думаю, што спрабаваць паўплываць на сітуацыю ў Беларусі можна, знаходзячыся ўнутры, а не даючы парады з-за мяжы.
Еўрарадыё: Спадар Анатоль, за ўсе гэтыя гады, якія, безумоўна, былі для вас нялёгкія, вы самі не хацелі адысці ад барацьбы? Даць і сабе спакою, і сям'і, з'ехаць куды-небудзь у эміграцыю?
Анатоль Лябедзька: Аб эміграцыі ў хаце маіх бацькоў пытанне аб эміграцыі не паўставала нават паўнамёкам. А што тычыцца нейкіх партыйных пасад, то шчыра прызнаюся, перад прэзідэнцкай кампаніяй я думаў даць дарогу іншым лідарам. Але пакуль так склаліся абставіны, што я мушу заставацца там, дзе я ёсць.