Apple Tea імправізавалі без райдэра

Упершыню за ўсю гісторыю існавання гурта Apple Tea музыкі адправіліся ў гастрольны тур "Apple Tea" плюс" па гарадах Беларусі. Еўрарадыё са здзіўленнем даведалася пра тое, што нават тэхнічныя праблемы падуладныя імправізацыі.





Тэхнічна пляцоўкі аказаліся вельмі непадрыхтаванымі. І нягледзячы на тое, што музыкі везлі з сабой цэлы аўтобус апаратуры, прыходзілася па ходзе вырашаць тэхнічныя пытанні.

"Здзіўляюць – гэтае самае пасуючае слова" – кажа лідэр гурта Ігар Сацэвіч, распавядаючы пра выступы ў Гродне і Брэсце. – Такое ўражанне, што людзі не зусім ведаюць, што такое райдэр. Тэхнічнае забеспячэнне вельмі сумнеўнае. Але неяк мы спраўляліся".



Але Apple Tea — сапраўдныя віртуозы, здольныя заразіць сваёй энергетыкай уся зала. Гледачы, якія наведалі канцэрт у Гродне дзяліліся ўражаннямі, што нават хрыпячы манітор клавішніка Косці Гарачага, які ён са злосцю штурхаў час ад часу, не змог сапсаваць агульнага задавальнення. Задавальненні слухачоў і задавальненні музыкаў.



І тым не менш Apple Tea зноў даказалі, што аўтарская музыка значна мацней чапляе, чым прыджазаваныя эстрадныя аранжыроўкі, якімі нас кормяць вельмі часта. Імправізацыя ёсць імправізацыя. І ёй падуладныя любыя нечаканасці і перашкоды. Гэта як вада, якая абцякае камяні і ўсё адно застанецца цудоўнай і чароўнай.


Зала замірала, выдатна адчуваючы канчатак адной п'есы і пачатак наступнай, ажыўлялася на кульмінацыях, падтрымлівала выдатныя сола.



"Людзі згаладаліся па сустрэчы з кім-небудзь яшчэ акрамя зорак эстрады і мясцовых джазавых музыкаў!" — жартуе Косця Гарачы. — І нават пры нейкіх тэхнічных праблемах, усе мы адчуваем, што такі досвед — гэта вельмі выдатна".



У Мінску на канцэрт Apple Tea запрасілі ансамбль традыцыйнага джазу "Рэнесанс" і народнага артыста Расіі Давыда Галашчокіна.



"Рэнесанс" уяўляе сабой традыцыйны джаз, пры гэтым выдатна грае пазнейшы свінг і нават бібоп.


Вядучы канцэрта — заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Ўладзімір Феертаг



Тур "Apple Tea" прысвечаны 110-годдзю са дня нараджэння Дзюка Элінгтана - эксперыментатара і наватара ў музыцы XX стагоддзя, кампазітара, які прыдумаў элемент, без якога не можа абысціся джаз сёння — свінг.


Музыкі "Рэнесансу" выканалі знакамітую "Няма музыкі без свінга" Элінгтана. Менавіта ў назве гэтай мелодыі тэрмін "свінг" і быў ужыты ўпершыню — у 1932 годзе.

А калі на сцэне з'явіўся госць з Пецярбурга — Давыд Галашчокін, публікай авалодала непрытоеная цікаўнасць: у якой якасці выступіць музыка — самастойна, у тандэме з "Рэнесансам" або як саліст?



"Мы вельмі розныя, – прызнае Ігар Сацэвіч. — У першым аддзяленні было столькі пазітыву! Хочацца ўсміхацца, калі такую музыку слухаеш. А мы сваім выступам дадалі некалькі суму — можа, так і ўраўнаважылі сітуацыю".

Джаз і суперніцтва не сумяшчальныя, у адзін голас адказвалі мне музыкі.

"У такія моманты на сцэне, хутчэй, адбываецца дапаўненне і ўзбагачэнне адно аднаго," — кажа Косця Гарачы. — Джаз — гэта ж не "спартовае" мастацтва цалкам!"

Больш за тое, музыкі "Apple Tea" перакананыя, што на сцэне ў Мінску не хапіла яшчэ аднаго калектыву, "які злучае".



Аляксандр Сапега: "Хоць усё, што гучала сёння, — гэта джаз, але ўсё ж вельмі розны. "Рэнесанс" — традыцыйны, мы — сучасны і нават джаз-рок. Як мінімум яшчэ аднаго ансамбля бракавала пасярэдзіне, каб зрабіць гэтую сінусоіду больш спусцістай. Мне здавалася, мы дынамічна так грукнем, што пасля нас ніякі джэм-сэйшн не пойдзе. Аказалася — пайшоў".



Яшчэ адно цікавае назіранне з канцэртаў "Apple Tea". Выступы незаўважна для публікі ператвараліся ў майстар-класы для музыкаў (якіх было шмат сярод гледачоў), і ў сустрэчы старых сяброў.



Аляксандр Сапега:
"Паколькі мы ездзім па сваіх, беларускіх гарадах, натуральна, на канцэрты часта прыходзяць людзі, з якімі мы вучыліся, напрыклад, або проста сябруем. Прыносілі кветкі і падарункі! У Брэсце сабралі поўную залу, хоць ніколі там раней не выступалі!"

Выдатныя кампазіцыі піша Ігар Сацэвіч. Падчас выступу, "Apple Tea" вырашылі адысці ад творчасці Дзюка Эленгтана і гралі аўтарскую музыку — улюбёныя і горача сустрэтыя публікай "Застацца ў Манаусе", "Наташа", "Кожны панядзелак" і шматлікія іншыя. Завяршальнай стала кампазіцыя "Яблычная гарбата" — судзячы па рэакцыі залы, тут слухачы заўсёды адчуваюць катарсіс.





Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі