Арамнаў: "Затрымлівае чалавек без формы? Лічу, што гэта бандыт"
Штангіст Андрэй Арамнаў / belta.by
Штангіст Андрэй Арамнаў, чэмпіён Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне, у інтэрв'ю Еўрарадыё выказаўся пра вулічныя пратэсты, сілавікоў у балаклавах і арышт Алены Леўчанка.
Еўрарадыё: Як бы вы пракаментавалі затрыманне Алены Леўчанка?
Андрэй Арамнаў: Не ведаю, наколькі менавіта той мітынг быў мірны і што там адбывалася, але на самай справе сумна, што ў нас на мірных мітынгах затрымліваюць. Усё-ткі ўжо не першы раз чуваць пра такія моманты. Гэта сумна.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да дэманстрацый на беларускіх вуліцах?
Андрэй Арамнаў: Я лічу, што кожны прадстаўнік нашага грамадства павінен выказваць па сваёй Канстытуцыі тое, што хоча. Лічу, што прэзідэнт павінен пачуць народ і ісці на дыялог. Усё-ткі даць тое, што ён абяцаў, — і я думаю, мітынгі спыняцца.
Еўрарадыё: А вы ўдзел у мірных мітынгах бераце?
Андрэй Арамнаў: Я стараюся быць апалітычным. У мяне цяпер вельмі шмат працы, я трэніруюся, трэнірую. Цяпер знаходжуся на вучэбна-трэніровачных зборах у Стайках. Тут няма часу асабліва, каб хадзіць на мітынгі. Але, у прынцыпе, сітуацыя, якая склалася, мяне не радуе.
Еўрарадыё: Вы ураджэнец Барысава. Як у вас у горадзе, ёсць пратэставы рух?
Андрэй Арамнаў: На выхадных, калі я быў у Барысаве, была вялікая акцыя пратэсту. Людзі ішлі па пешаходнай зоне, сабралася доўгая чарга пратэстоўцаў. Там, дзе я быў, я не заўважаў чагосьці абуральнага. Людзі спакойна ідуць, нясуць нейкія сцягі. Я не бачыў ніякіх жорсткіх пратэстаў на свае вочы. У інтэрнэце, вядома, я бачыў іх дастаткова.
Еўрарадыё: Як можна расцэньваць затрыманні пратэстоўцаў людзьмі ў форме без апазнавальных знакаў?
Андрэй Арамнаў: Калі затрымлівае чалавек без апазнавальнай формы, то я лічу, што гэта бандыт. Таму што праваахоўнік заўсёды павінен быць адзеты па форме. Нават калі ён на заданні, павінна быць хоць бы палявая форма. Я лічу, што гэта, напэўна, нейкія бандыты. Я б супраціўляўся, калі б мяне затрымлівалі людзі без формы. Я думаю, што ім было б нялёгка мяне затрымаць.
Дарэчы кажучы, сам Андрэй Арамнаў служыў ва ўнутраных войсках у часці 5448, якая знаходзіцца ў Мінску. Даслужыўся да прапаршчыка, быў звольнены ў запас.
30 верасня беларускую баскетбалістку Алену Леўчанка, якая актыўна падтрымлівае перамены, затрымалі ў мінскім аэрапорце. Спартсменка збіралася вылецець на лячэнне, аднак яе спынілі. Потым былі ізалятар і суд, які пакараў спартсменку 15 суткамі арышту за ўдзел у маніфестацыі, якая праходзіла ў Мінску 27 верасня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.