Арцыбіскупу Гуджэроцці давялося супакойваць мітрапаліта Веніяміна
Арцыбіскуп Гуджэроцці і мітрапаліт Веніямін / catholic.by
Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін незадаволены нядаўнім рашэннем Папы Рымскага аб стварэнні Апостальскай Адміністратуры для грэка-католікаў Беларусі. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з прэфектам дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці. На ёй прысутнічаў і апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Як паведамляе catholic.by, арцыбіскуп Гуджэроцці патлумачыў мітрапаліту Веніяміну прычыны рашэння Папы Францішка. Ён "запэўніў у безумоўнай павазе да Беларускай Праваслаўнай Царквы і ўвазе з боку Святога Пасаду да клопатаў і спадзяванняў яе вернікаў і іерархіі, а таксама ў гатоўнасці да працягу адкрытага дыялогу ў духу братэрства па ўсіх пытаннях, які ўяўляюць агульны інтарэс". Мітрапаліт Веніямін у адказ "выказаў шэраг прапаноў у гэтым кірунку, якія будуць спрыяць далейшаму паглыбленню даверу і супрацоўніцтва паміж праваслаўнымі і католікамі".
Беларуская грэка-каталіцкая царква ўжо некалькі дзесяцігоддзяў чакае прызначэння архібіскупа для кіравання. І цяпер, магчыма, яна наблізілася да гэтай мэты (праўда, БПЦ па выніках сустрэчы гэта фактычна абвяргае). Таму і нервуецца БПЦ. Як піша church.by, "прынятае ў дачыненні да беларускіх грэка-католікаў рашэнне выклікала здзіўленне ў праваслаўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь, паколькі дадзенае рашэнне не спрыяе сцвярджэнню міру на беларускай зямлі, але, наадварот, можа ўнесці напружанасць у міжрэлігійныя адносіны ў Беларусі". Пра гэта і гаварыў мітрапаліт Веніямін на сустрэчы.
Прэс-служба БПЦ паведамляе падрабязнасці размовы, якія не былі агучаны іншым бокам. Напрыклад, арцыбіскуп Гуджэроцці нібыта тлумачыў рашэнне пантыфіка перарванымі з-за вайны кантактамі беларускіх грэка-католікаў з украінскімі. Таксама БПЦ сцвярджае, што прадстаўнік Папы Рымскага заявіў пра адсутнасць "патэнцыялу развіцця" ў беларускіх грэка-католікаў і г. д. Магчыма, гэта пракаментуе іншы бок.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.