Арганізатару секс-вечарынкі ў Бараўлянах прысудзілі 14 гадоў асаблівага рэжыму
У судзе Мінскага раёна вынесены прысуд арганізатару секс-вечарынкі ў Бараўлянах, якую міліцыя разагнала ў ліпені 2018 года. Суд быў закрытым, піша TUT.by.
Да суда мужчына быў пад вартай. Суд прызнаў Вячаслава Казанава вінаватым у палавых зносінах насуперак волі пацярпелай, з ужываннем гвалту, здзейсненым паўторна, а таксама ў іншых дзеяннях сексуальнага характару, у арганізацыі прастытуцыі ды ўтрыманні прытона для занятку прастытуцыяй.
Мужчыну асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму. Акрамя таго ён аштрафаваны на 10 200 рублёў.
Прысуд можа быць абскарджаны на працягу 10 сутак.
Здарэнне адбылося ў ноч на 28 ліпеня 2018 года ў пасёлку Бараўляны пад Мінскам. Тады міліцыянты разагналі секс-вечарынку, у якой удзельнічалі 34 мужчыны і 18 жанчын. Паводле інфармацыі міліцыі, там два гады працаваў падпольны бардэль. Арганізатар вечарынкі Вячаслаў Казанаў заяўляў, што прастытуцыі не было. Але следства выставіла яму абвінавачанне ў арганізацыі прытонаў, згвалтаваннях ды іншых гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару.
Казанаў не прызнаў сваю віну ні па адным з абвінавачанняў. Па яго словах, справа цалкам сфальсіфікаваная.