Аргентынскі стрыт-артар скончыў мурал ля Універсітэта культуры

Аргентынскі стрыт-артар скончыў мурал ля Універсітэта культуры

Аргентынскі вулічны мастак Францыска Басалеці завяршыў працу над муралам па адрасе Рабкораўская, 21 у межах праекта Urban Myths. Цяпер на сцяне жылога дома красуецца вялікае сіняе сэрца. "Жывое" сэрца сімвалізуе Беларусь як цэнтр Еўропы. Яно выкананае ў негатыве, з інвертаванымі колерамі, як і апошнія працы Францыска. Такім чынам мастак паказвае, што ўсё важнае неабавязкова бачнае з першага погляду.

 

Аргентынскі стрыт-артар скончыў мурал ля Універсітэта культуры

20 верасня Францыска паляцеў у Неапаль для ўдзелу ў наступным праекце. Па словах каардынатара Urban Myths Алега Ларычава, стрыт-артар задаволены працай, лічыць яе скончанай, але не будзе супраць, калі яе нехта дапрацуе. Напрыклад, студэнты Універсітэта Культуры, вокны якога выходзяць акурат на дом з новым муралам.

 
Днямі арганізатары праекта Urban Myths правядуць сустрэчу са студэнтамі культурнай ВНУ. Разам яны вырашаць, ці варта нешта дарабляць на "сэрцы" Францыска.


Дарэчы, анансаваных Францыскам кветак і ўзораў са слуцкіх паясоў на сэрцы не бачна. Алег Ларычаў гэта тлумачыць тым, што ў сувязі са зменай сцяны (першапачаткова мурал мусіў з'явіцца на шматпавярховіку па вуліцы Заслаўскай) давялося змяняць эскіз і ўносіць карэктывы ў задуму.


Мурал зроблены пры садзейнічанні галерэі ArtClub.by.


У кастрычніку ў межах Urban Myths у Мінск прыляціць іспанскі стрыт-артар Sabek. Аб'яўлены збор сродкаў на падтрымку праекта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі