"Арт Сядзібу" хочуць выселіць пяты раз (дакумент)
Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў вырашыла разарваць дамову арэнды.
Афіцыйная прычына — арандаванае памяшканне спатрэбілася для ўзнаўлення ўласнай швейнай вытворчасці. Як адзначаюць арганізатары "Арт Сядзібы", у гэтым памяшканні яны змаглі прабыць пяць месяцаў. За некалькі месяцаў у гэтым памяшканні адбылося больш за 80 разнастайных мерапрыемстваў.
Арэндадаўца скасоўвае гадавую дамову, даўшы 30 дзён на высяленне. Пакінуць памяшканне на завулку Інструментальным, 6 "Арт Сядзіба" павінна ў Дзень роднай мовы, 21 лютага.
Апошнія паўгода актыўная вытворчасць у будынку не вялася. Амаль усе памяшканні і нават падвалы — гэта офісы розных прыватных кампаній. Напрыклад, каля "Арт Сядзібы" месціцца тэатральная студыя, і іх ніхто не чапае, адзначаюць арганізатары.
"Арт Сядзіба" — гэта адна з нешматлікіх публічных прастораў у Мінску, дзе бесперашкодна выступаюць разнастайныя літаратары, музыкі, мастакі, грамадскія арганізацыі, рухі, ініцыятывы.