Арына Сабаленка ўпершыню ў сваёй кар'еры стала 9-й ракеткай свету
Арына Сабаленка ўпершыню ў сваёй кар'еры стала 9-й ракеткай свету. Дагэтуль для 20-гадовай беларускай тэнісісткі найлепшым дасягненнем было дзясятае месца ў сусветным рэйтынгу. На мінулым тыдні Сабаленка дайшла да паўфіналу турніру ў Санкт-Пецярбургу, гэта і дазволіла ёй падняцца яшчэ вышэй.
Абноўлены рэйтынг WTA з'явіўся ў панядзелак, 4 лютага. У ім па-ранейшаму лідыруе Наомі Осака з Японіі. Беларуска Аляксандра Сасновіч захавала за сабой 33-е месца, Вікторыя Азаранка паднялася на тры пазіцыі — на 48-е месца. На тры радкі вышэй у рэйтынгу апынулася і Вера Лапко, яна цяпер 60-я ракетка свету.