“Атамная” вайна паміж Беларуссю і Літвой

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус наракае, што Беларусь не дае Літве адказаў на асноўныя пытанні па будаўніцтве АЭС.

“Можна выказаць здагадку, што, магчыма, гэтых адказаў няма, таму выкарыстоўваюцца такія, канцэртныя спосабы дыялогу. Нам не трэба шоў, нам трэба, каб паслядоўна выконваліся патрабаванні Канвенцыі Эспа, як належыць”, — цытуе словы Лінкявічуса агенцтва BNS.

Заява Лінкявічуса тым больш актуальная, бо зробленая праз дзень пасля беларуска-літоўскіх слуханняў у Астраўцы, якія прайшлі 17 жніўня. Беларускі МЗС рэагуе вокамгненна, абвінавачваючы супрацоўнікаў Лінкявічуса ў нерастаропнасці. Маўляў, уся неабходная інфармацыя Літве адпраўлялася неаднаразова, таму варта проста заглянуць у пошту. Тое самае у МЗС Беларусі кажуць і Еўрарадыё, параіўшы адначасова звярнуцца ў Мінпрыроды — гэтае ведамства рыхтуе адказы на ўсе літоўскія запыты. Кіраўнік Упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Аляксандр Андрэеў пацвярджае — запыты былі, адказы накіроўвалі.

“Запыты ад Літвы былі ў розны час, пачынаючы з 2010 года. Адпаведна, і адказы мы адсылалі ў розны час. Было некалькі тураў такіх перамоваў. Прычым, некалькі разоў мы адсылалі тыя ж адказы паўторна, дублявалі ранейшыя”.

У Мінпрыроды Беларусі на літоўцаў шмат наракаюць. Маўляў, цяжка з імі. Спачатку дамовіліся па электроннай пошце перапіску весці, потым Літва запатрабавала усё праводзіць праз дыпламатычныя каналы. А гэта страта часу і бюракратыя.

Ад літоўскіх прэтэнзій у Мінпрыроды Беларусі, відавочна, стаміліся. А таму спадар Андрэеў паведамляе, што наша дзяржава таксама можа высунуць прэтэнзіі літоўскаму боку. Справа ў тым, што літоўцы зачыняюць Ігналінскую АЭС. Згодна з міжнароднымі абавязальніцтвамі, у прыватнасці, Канвенцыяй Эспа, гэтую працэдуру неабходна абмеркаваць з беларусамі.

“Літва абавязаная ацаніць ўздзеянне закрыцця Ігналінскай АЭС сумесна з Беларуссю. Мы хацелі б удзельнічаць. А паколькі такой ацэнкі не было зроблена, то, мяркую, мы будзем патрабаваць спынення прац па вывадзе з эксплуатацыі Ігналінскай АЭС”, — кажа Андрэеў.

Такі вось ход атамным канём… Аляксандр Андрэеў расказвае, што асноўнае пытанне ў Літвы адно — чаму АЭС збіраюцца будаваць так блізка ад Вільні? Усе беларускія адказы, накіраваныя Літве, можна ўбачыць на старонцы Дырэкцыі па будаўніцтве АЭС у інтэрнэце. Там можна знайсці “Справаздачу па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Беларускай АЭС”, а таксама “Адкрыты ліст Мінпрыроды ў СМІ па будаўніцтве Беларускай АЭС”. Дакументы нават перакладзеныя на літоўскую мову. Але канкрэтныя адказы знайсці ў іх насамрэч складана — спрэс табліцы з лічбамі, схемы і згадкі пра ўзгадненні праекта з МАГАТЭ.

Расійскі інжынер-фізік і эколаг Андрэй Ажароўскі распавядае Еўрарадыё, што нягледзячы на ўсе запэўніванні беларускага боку, Літва і шэф літоўскага МЗС Лінкявічус у прыватнасці, ўсё ж маюць рацыю. Беларусь парушае умовы Канвенцыі Эспа, падпісанай і ратыфікаванай яшчэ на пачатку 90-х. Згодна з гэтым міжнародным дакументам, у працэсе ўзгаднення праекта Бел АЭС павінны актыўна ўдзельнічаць прадстаўнікі Літвы.

“Існуе рашэнне Камітэта па выкананні Канвенцыі Эспа. Ён цвёрда пастанавіў пасля адпаведнага разбіральніцтва, што Беларусь Канвенцыю парушыла. Вельмі шкада, што беларускія ўлады спрабуюць зрабіць выгляд, што гэтага не было”.

Ажароўскі мяркуе, што грамадскія слуханні, накшталт праведзеных у Астраўцы 17 жніўня, нельга лічыць рэалізацыяй Канвенцыі. Пры гэтым эксперт прызнае, што Беларусь і без гэтага сваю станцыю пабудуе. І ніякія міжнародныя пагадненні не могуць забараніць гэтага.

“Прамой забароны на рэалізацыю праекта АЭС у Канвенцыі няма. Гэта добраахвотнае пагадненне краін, якія вырашылі зрабіць жыццё на планеце лепшым. Якія вырашылі разам абмяркоўваць праекты, якія закранаюць агульныя інтарэсы. Тое, што Беларусь не выконвае Канвенцыю і не збіраецца гэтага рабіць — гэта, вядома, дрэнна. Але забароны на пабудову АЭС не выкліча”.

Хаця адзін верны спосаб спыніць будаўніцтва Бел АЭС, на думку Ажароўскага, усё ж ёсць. І зрабіць гэта можа… Літва! Калі вырашыць афіцыйна заявіць аб тым, што не будзе набываць электраэнергію з Астравецкай атамнай. У такім выпадку эканамічная мэтазгоднасць пабудовы станцыі сыдзе ў нішто і праект могуць замарозіць да лепшых часоў. Ці дойдзе да гэтага ў беларуска-літосўкай “атамнай” вайне — убачым у бліжэйшыя гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі