Айцішнікі дагналі па прахадных балах факультэт міжнародных адносінаў БДУ
На спецыяльнасці “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі прахадны бал дагнаў міжнародныя адносіны БДУ. Сёлета сюды можна паступіць толькі, калі маеш 380 балаў і больш з 400 магчымых. Раней у БДУ казалі, што на факультэце міжнародных адносінаў прахадны бал сёлета перавысіць 380 балаў.
У параўнанні з мінулым годам прахадны бал на самую папулярную спецыяльнасць у айцішнікаў у БДУІР вырас на 7 балаў.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар БДУІР Вольга Нелюбовіч.
Вольга Нелюбовіч: “Мы ў чарговы раз пабілі рэкорд. На бюджет на гэтую спецыяльнасць мы набіралі 50 чалавек, з іх 25 паступалі без экзаменаў, гэта пераможцы алімпіяд. Наогул сёлета планкі выраслі на многіх спецыяльнасцях”.
На другім месцы па папулярнасці сярод будучых айцішнікаў спецыяльнасць “праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, прахадны бал – 371, за год ён вырас на 8 балаў. І на трэцім месцы — спецыяльнасць “інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі”, прахадны бал — 370.
Агулам у БДУІР сёлета на бюджет на дзённае навучанне захацеў паступіць 1691 чалавек.