Бабруйскія чыноўнікі лічаць немэтазгодным ушанаваць памяць Алеся Адамовіча
Бабруйскі журналіст Андрэй Шобін, аўтар мясцовай "Ініцыятывы добрых спраў", прапанаваў Бабруйскаму гарвыканкаму пасадзіць у горадзе алею імя Алеся Адамовіча. Пісьменнік з ранняга дзяцінства жыў у пасёлку Глуша пад Бабруйскам, лічыў гэта месца малой радзімай. Там быў і пахаваны.
У чэрвені Шобін атрымаў адказ ад намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Маркачова. Чыноўнік пісаў, што ініцыятыва журналіста ўспрынятая станоўча, аддзелам і службам даручана "прапрацаваць гэтае пытанне". Канчатковае рашэнне мусілі прыняць на бліжэйшым пасяджэнні тапанімічнай камісіі.
Калі ж камісія сабралася, то пастанавіла, што ўвекавечанне памяці Алеся Адамовіча ў Бабруйску лічыць немэтазгодным, паведамляе прэс-служба БАЖ. Разам з гэтым тапанімічная камісія паведаміла Шобіну, што "вырашыла ўлічыць ваша меркаванне ў далейшым пры фарміраванні горадабудаўнічага рэгламенту г.Бабруйск".
Як гэты пасаж спалучаецца з агучанай раней "немэтазгоднасцю", чыноўнік не патлумачылі.
Цяпер Шобін думае, ці не звярнуцца з гэтай прапановай у вышэйшыя інстанцыі.