Бацька Рамана Пратасевіча абвяргае, што той ваяваў на Данбасе

Дзмітрый Пратасевіч / скрын са стрыму Еўрарадыё
Дзмітрый Пратасевіч / скрын са стрыму Еўрарадыё

26 траўня, выступаючы ў парламенце, Аляксандр Лукашэнка фактычна абвінаваціў журналіста Рамана Пратасевіча ў забойствах, учыненых на тэрыторыі Украіны. "Хай заходнія абаронцы адкажуць: на якія спецслужбы працавалі двое затрыманых? Хто плаціў падонку, які забіваў людзей у братэрскай Украіне?" — цытуе кіраўніка Беларусі праўладны тэлеграм-канал.

Двое затрыманых пасажыраў борта Ryanair Афіны — Вільня, які 23 траўня прызямліўся ў Мінску, гэта Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Сафія Сапега. Амаль адразу пасля затрымання па тэлеграме папаўзлі чуткі, што Пратасевіч некалькі гадоў таму ваяваў ва Украіне.

Аднак бацька журналіста Дзмітрый Пратасевіч у стрыме Еўрарадыё зняпраўджвае тое, што Раман ваяваў у складзе ўкраінскага батальёна "Азоў". Ён кажа, што Раман Пратасевіч сапраўды ездзіў у раён баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны, але не як салдат-найміт, а як фатограф-фрылансер.

"Цяпер можна прыпісаць майму сыну ўсё што заўгодна, каб паказаць — глядзіце, які ён: маўляў, быў там і там, ваяваў ва Украіне і гэтак далей", — кажа Дзмітрый Пратасевіч.

"Згодна з сусветнымі нормамі журналіст не ўдзельнік вайны, ён — асоба няўзброеная. Украіна — гэта дзяржава, якая вядзе законную дзейнасць на Данбасе па вызваленні сваёй тэрыторыі. Прыраўноўваць журналіста да тэрарыста? Такое мы ўжо дзесьці праходзілі. Журналіст роўна тэрарыст у нас, разумееце?" — дадае ён.

Расійскі прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла апублікаваў некалькі фота са смартфона Рамана Пратасевіча, канфіскаванага сілавікамі. На іх Раман — у вайсковай форме, са зброяй у руках. Магчыма, здымкі адносяцца да перыяду яго знаходжання ў зоне баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны.

Аднак самі па сабе яны нічога не даказваюць. Рэдкі мужчына, трапіўшы на вайну, дзе поўна зброі навокал, не сфатаграфуецца на брані танка або з аўтаматам у руках. Хутчэй, нават наадварот: наўрад ці чалавек, які прымае сур'ёзны ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі чужой краіны, будзе пазіраваць для фота.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі