Барак Абама прыбыў на Кубу з гістарычным візітам
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Барак Абама прыбыў на Кубу з гістарычным візітам. Гэта першы афіцыйны візіт кіраўніка ЗША на Кубу за 88 гадоў. Апошні раз амерыканскі прэзідэнт наведваў Кубу ў 1928 годзк. Гэта быў быў Калвін Кулідж.
Падчас свайго двухдзённага візіту Абама правядзе перамовы з цяперашнім кубінскім лідэрам Раулем Кастра, перадае BBC. Кіраўнік ЗША не плануе ніякіх сустрэч з яго старэйшым братам Фідэлем, які ўзначаліў Кубу пасля рэвалюцыі.
Абама прыехаў, каб абмеркаваць гандаль з Кубай і палітычныя рэформы. Многія журналісты адзначаюць, што візіт азначае паварот у амерыкана-кубінскіх адносінах.
Дарэчы, за некалькі гадзін да прыбыцця амерыканскага прэзідэнта ў Гаване былі затрыманыя некалькі дзясяткаў апазіцыянерак. Гэта ўдзельніцы акцыі, якую арганізавалі "Жанчыны ў белым" — група, створаная жонкамі палітвязняў.
Перад візітам Абамы Белы дом даў зразумець, што амерыканскі лідар плануе сустрэцца і з кубінскімі дысыдэнтамі — незалежна ад таго, як ставяцца да гэтага гаванскія ўлады. Чакаецца, што ў гэтай сустрэчы возьмуць удзел і "Жанчыны ў белым".