Барыслаў Бярэза: Рэвалюцыя працягваецца
Перад абвяшчэннем вынікаў першага тура прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне Еўрарадыё паразмаўляла з прэс-сакратаром Правага Сектару Барыславам Бярэзам.
Еўрарадыё: Вельмі цяжкая сітуацыя склалася ў Данецкай і Луганскай абласцях. Што далей?
Барыслаў Бярэза: Сёння Украіна адказала на гэтыя пытанні высокай яўкай. Велічэзныя чэргі, каб прагаласаваць не толькі ва Украіне — у Мілане чарга выбарцаў складала 4 кіламетры, людзі стаяць па некалькі гадзінаў у Мюнхене, Тэль-Авіве, Ерэване; у Кіеве вар'яцкія чэргі. Людзі хочуць зрэалізаваць свой выбар, але не паўсюль далі такую магчымасць. На сённяшні дзень палітыкі, якія пачалі гуляцца ў гульню, думаючы, што яны кіруюць сітуацыяй, сталі шахматнымі фігурамі на гэтай дошцы. Як прыклад, людзі з трыкалорамі пайшлі штурмаваць дом Ахметава: чалавек які раней сам быў лялькаводам, цяпер плаўна ператвараецца ў марыянетку. Нельга, нельга гуляць з народам і людзьмі. А яны так прызвычаіліся.
Я думаю, што пасля прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя на Усходзе Украіны зменіцца, мы выб'ем акупантаў, якія там зараз ёсць, разбярэмся з сепаратыстамі, пасля гэтага жыхары Усходу адкрыюць для сябе Украіну, якую не ведалі да гэтага часу. Бо цяпер яны знаходзяцца ў закрытай інфармацыйнай прасторы.
Еўрарадыё: Перад выбарамі ў СМІ штодня была інфармацыя пра забітых сепаратыстаў, але як прыйшоў дзень выбараў, высвятляецца, што яны кантралююць усе выбарчыя участкі ў Данецку, рэальна здолелі сарваць выбары ў тых рэгіёнах. Як так сталася? Прэм'ер-міністр кажа, што вычышчаюць ад сепаратыстаў рэгіёны, а рэальна выглядае на тое, што яны надалей іх кантралююць.
Барыслаў Бярэза: Я думаю, што улада не мае жадання што-небудзь зрабіць, а гэта самае страшнае што можа быць. Без палітычнай волі, без уласнай адказнасці, без прыняцця рашэння, што антытэрарыстычная аперацыя мусіць быць, а не толькі гучаць, што яна праходзіць. На самой справе, людзі дагэтуль успрымаюць сітуацыю на Усходзе як адну з інтрыг, што адбываецца ва Украіне. Насамрэч гэта не інтрыга. Гэта дастаткова вялікая гульня ў геапалітыку. Тое, што некаторыя людзі ва украінскай палітыцы зліваюць Украіну, мы гэта бачым.
Еўрарадыё: Антытэрарыстычная аперацыя трывае, загінулі байцы Нацыянальнай гварцыі, байцы Правага Сектару, а вы кажыце, што яе няма. Дык можа ўсё ж такі яна ёсць? Ці можа, варта ад яе адмовіцца і пачаць дзейнічаць іншымі метадамі?
Барыслаў Бярэза: Ведаеце, антытэрарыстычная аперацыя як і любая аперацыя сілавых структур мусіць праходзіць ціха і незаўважна. Пра яе мусяць ведаць толькі спецслужбы, якія яе рэалізлўваюць і тыя, каго яны знішчаюць. У нас пра гэтыя аперацыі ведаюць усе, гэта кажуць толькі пра уцечку інфармацыі і пра здраду ў сілавых структурах. Таму аперацыя ёсць, а вось ці адпавядае яе кіраўніцтва патрабаванням, якія мусяць быць? Гэта пытанне. Некампетэнтнасць кіраўніка антытэрарыстычнай аперацыі прывяла да таго, што мы маем вялікую колькасць ахвяраў сярод патрыётаў Украіны. Таму не варта адмаўляцца ад антытэрарыстычнай аперацыі, а неабходна змяніць людзей, якія ёй займаюцца, якія наладзяць каардынацыю, будуць разумець, чым яны займаюцца і тады можна за пару месяцаў сітуацыю вырашыць.
Еўрарадыё: Вяртаючыся да выбараў: ваш кандыдат Дзмітро Яраш вядомая асоба і ва Украіне, і за яе мяжамі, але нягледзячы на вядомасць наўрад ці ён пройдзе ў другі тур. Прынамсі пра гэта сведчаць сацыялагічныя апытанні. Навошта было прымаць удзел у выбарах з такім нізкім рэйтынгам?
Барыслаў Бярэза: Гэтая перадвыбарчая кампанія чарговы раз даказвае, што ва Украіне працягваюць існаваць маніпулятыўныя тэхналогіі. “Хтосці” нам спрабаваў давесці, што існуе толькі адзін кандыдат, што неабходна выйграць толькі ў адзін тур. Даказвалі, што ўсе непрахадныя. А ёсць два прахадных, адзін вельмі прахадны, другая не вельмі прахадная. Практычна, гэта маніпуляцыя грамадскай думкай. Дзітру Ярашу малявалі 0,6 адсотка, але ўжо сёння ўвечары вы пабачыце, што гэта далёка не так. Проста ў нашай краіне традыцыі выйграваць любым коштам вельмі моцныя. Дмітро Яраш, як і іншыя кандыдаты, патрапіў пад прэсінг асноўных н'юсмэйкераў.
Еўрарадыё: Ці змог Правы Сектар выкарыстаць перадвыбарчую кампанію, каб узмацніць структуры і стартануць у парламенцкай кампаніі з новай сілай?
Барыслаў Бярэза: Правы Сектар сапраўды пойдзе на парламецкія выбары, але для пачатку трэба, каб распусцілі дзейсны парламент і абвясцілі датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду. Я думаю, што ў парламенце з'явіцца партыя украінскіх патрыётаў, якія будуць спрабаваць змяніць дзяржаву.
Еўрарадыё: Калі казаць пра імідж вашага кандыдата, ці вы знайшлі выйсце, як пазбавіцца дэманізацыі асобы Яраша?
Барыслаў Бярэза: Ва Украіне Яраша баяцца тыя людзі, якія жывуць на Усходзе і глядзяць расійскія тэлеканалы, дзе моцная ідэалагічная атака з боку Расіі. Я шмат зараз ездзіў па Украіне, і за Яраша галасуюць паўсюль і ў Адэсе, і ў Чаркасах, Чарнігаве. Львоў, Івана-Франкоўск, Палтава… Больш складана, вядома ж, Данецкая і Луганская вобласці, але напрыклад, сёння хлопцы з батальёна “Дняпро” выбілі сепаратыстаў з аднаго населенага пункта, здаецца Вялікія Пераселкі, і ўдзень людзі пачалі галасаваць і адкрыта казалі, што яны за Яраша, і пыталіся, калі ён ужо прыйдзе і прыбярэ бандытаў і сепаратыстаў з Усходу Украіны.
Еўрарадыё: падчас гэтай кампаніі Вы аб'ездзілі шмат рэгіёнаў. Што для вас было самым вялікім адкрыццём?
Барыслаў Бярэза: Разуменне, што людзі на месцах па-ранейшаму лічаць, што рэвалюцыя скончылася, а змены не наступілі, новыя людзі не прыйшлі. У чаканнях, што зараз прыйдзецца зноў прыстасоўвацца. Людзі не вераць, што яны самі могуць кіраваць сваім жыццём. Майдан ставіў сваёй асноўнай мэтай не толькі адмену дыктатуры, але і пабудову новай Украіны. Значыцца, рэвалюцыя яшчэ не скончылася.