“Батлейка” Івана Кірчука з "Троіцы" захрасла на мяжы з Польшчай

“Батлейка” Івана Кірчука з "Троіцы" захрасла на мяжы з Польшчай

Мытнікі спынілі на беларуска-польскай мяжы “Батлейку” лідара этна-трыа “Троіца” Івана Кірчука. Цяпер яна знаходзіцца ў платнай камеры захоўвання на пункце пропуска “Пясчатка” і чакае, калі музыка ці яго прадстаўнікі “вызваляць” яе адтуль.

Лялечны тэатр з 28 персанажамі, пра які ідзе гаворка, з’яўляецца часткай этнаграфічнай калекцыі, з якой музыкі “Троіцы” вандравалі па свеце з 1999 года. Экспанаты калекцыі служылі дэкарацыямі да канцэртаў і спектакляў этна-трыа. А калі “Троіца” перапыніла актыўныя гастролі, яны засталіся ў варшаўскага менаджара гурта Дарыюша Жукоўскага.

“Батлейка” Івана Кірчука з "Троіцы" захрасла на мяжы з Польшчай
Скарб Кірчука, які Калмыкоў вёз на Радзіму

Перавезці варшаўскую этнаграфічную калекцыю Кірчука разам з унікальнай “Батлейкай” на Радзіму ўзяўся генпрадзюсар Еўрарадыё Яўген Калмыкоў. Сёлета Іван Кірчук святкуе 60-годдзе, і гэта было б цудоўным падарункам музыку. Кірчук натарыяльна аформіў на Калмыкова даверанасць, перадаў дакументы на калекцыю з фота са штэмпелямі "Дазволена да вывазу і ўвозу ў СССР" і папярэдзіў, што самае каштоўнае ў "варшаўскім музеі" — калядная зорка і тая самая “Батлейка”.

"На шляху ў Варшаву я паказаў паперы супрацоўніку мытні, растлумачыў мэту паездкі. Ён сказаў што праблем з вывазам калекцыі з Польшчы быць не павінна, і што ён папярэдзіць сваё кіраўніцтва. Мы забралі рэчы і паехалі назад у Беларусь, — распавядае Калмыкоў. — Польскую мытню нашы дакументы задаволілі. У мяне быў натарыяльна завераны пераклад дакументаў на польскую мову. Польскія мытнікі выбарачна праверылі рэчы, убачылі, што супадаюць фота з тым, што мы вывозім,  і пажадалі нам шчаслівага шляху".

На беларускім баку мяжы выявілася, што лялечны тэатр важыць 64 кг. А без мытнай пошліны ў Беларусь можна ўвезці толькі непадзельную рэч, якая важыць не больш за 35 кг. Калмыкоў паспрабаваў па-філасофску пагутарыць з мытнікамі пра тое, што нельга аб’ядноўваць Пекла, Чысцец і Рай у адно цэлае, але тыя абсалютна законна запатрабавалі з яго пошліну, заплаціць якую ў тую хвіліну банальна не хапіла грошай.

"Мытнікі размаўлялі з намі вельмі культурна, але сказалі, што да перавозімага намі груза трэба ставіцца, як калі б гэта мы ўвозілі пральныя машыны. То бок, штэмпелі Міністэрства культуры, якія дазваляюць увоз і вываз калекцыі, прыраўнялі да чэкаў з крамы. Наш багаж важыў каля 300 кг. Адпаведна, мы мусілі заплаціць па 4 еўра за кг за перавагу, і перавезці калекцыю каштавала б 1200 еўра", — працягвае Калмыкоў.

“Батлейка” Івана Кірчука з "Троіцы" захрасла на мяжы з Польшчай
Бус з такім незвычайным грузам прыехаў на мяжу

У выніку Калмыкоў мусіў везці калекцыю назад у Польшчу. Цяпер яна знаходзіцца ў Музеі беларускай этнаграфіі і фальклору ў польскай Гайнаўцы, які ласкава дазволіў пакінуць “лішнія” экспанаты ў сябе.

"У свой час галандцы прыслалі сюды аўтобус, і 10 дзён "Троіца" выступала ў цудоўным асяроддзі беларускіх экспанатаў — батлейка, лялькі, маскі, музычныя інструменты, — узгадвае Іван Кірчук. — Потым скарб пабываў у Нямеччыне, а затым пераехаў у Польшчу. Усе гэтыя гады мне не было куды падзець экспанаты, не было месца, дзе іх захоўваць, таму што яны збіраліся шмат гадоў. Частка страцілася — кажухі і світкі паеў моль. Мне заўсёды хацелася, каб гэта адбылося — калекцыя вярнулася дадому. Але ўзніклі пытанні, якія не мусілі ўзнікнуць, бо на кожны экспанат ёсць фота, пячатка, якая дазваляе вываз і ўвоз".

Кірчук мяркуе, што рэчы народнага побыту неабходна вярнуць на радзіму. Яны б добра сябе адчувалі як у этна-лабараторыі Інстытута беларускай культуры, дзе працуе музыка, так і на канцэртах "Троіцы". Планавалася, што вернутыя экспанаты складуць выставу, якая адкрыецца 15 верасня ў Мінску з нагоды юбілею Кірчука. Цяпер выставу даводзіцца пераносіць. А лёс “Батлейкі” ўвогуле пад пытаннем.

“Батлейка” Івана Кірчука з "Троіцы" захрасла на мяжы з Польшчай
Дакумент аб затрыманні батлейкі

27 верасня ў вялікай зале філармоніі ў Мінску адбудзецца прэзентацыя новага альбома этна-трыа “Троіца” “Цар Агонь” і святкаванне 60-годдзя Івана Кірчука.

“Батлейка” Івана Кірчука з "Троіцы" захрасла на мяжы з Польшчай
Рэчы з калекцыі, якія ўсё ж даехалі да Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі