Байдэн: Расія можа напасці на Украіну ў сераду, 16 лютага

Украінскі вайсковец / Reuters
Украінскі вайсковец / Reuters

Увечары 11 лютага кіраўнікі краін Захаду правялі анлайн-перамовы, прысвечаныя сітуацыі вакол Украіны. Яны адзначылі рэальнасць вайсковага нападу на Украіну Расіяй ужо на наступным тыдні і падкрэслілі важнасць дыялогу з Крамлём.

У перамовах удзельнічалі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Олаф Шольц, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан, прэзідэнт Польшчы Андрэй Дуда, прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс, прэм'ер Італіі Марыё Драгі, прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо, генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг, кіраўнік Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен і кіраўнік Еўрапейскай Рады Жан Мішэль.

На думку Джо Байдэна, атака Расіяй Украіны пачнецца ў самы бліжэйшы час — 16 лютага. Аб рашэнні Пуціна, якое ён нібыта паведаміў расійскім вайскоўцам, таксама паведаміла амерыканскае тэлебачанне PBS, спасылаючыся на крыніцы ў абароне заходніх краін.

"Мы бачым прыкметы далейшай эскалацыі з боку Расіі вакол Украіны і лічым, што новае ўварванне можа адбыцца падчас Алімпійскіх гульняў. Мы гатовыя да любых дзеянняў з боку Расіі. Калі Расія распачне якія-небудзь дзеянні, наш адказ будзе неадкладным, і падтрымка Украіны будзе працягвацца без перапынку",пракаментаваў перамовы дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван.

Па выніках сустрэчы заяву зрабіў і прэс-сакратар урада ФРГ Штэфен Хебештрайт. Паводле яго слоў, сітуацыя ацэньваецца як "вельмі, вельмі сур'ёзная". Усе ўдзельнікі сустрэчы пацвердзілі рашэнне аб уводзе радыкальных санкцый супраць Расіі ў выпадку яе ўварвання ва Украіну. Але ў той жа час палітыкі спадзяюцца прымусіць Маскву пайсці на дээскалацыю. "Важна прадухіліць вайну ў Еўропе", — заявіў Хеберштрайт.

Новыя заявы краін Захаду расійскае МЗС назвала істэрыкай:

"Англасам патрэбна вайна. Любой цаной",пракаментавала навіны прэс-сакратар расійскага МЗС Марыя Захарава.

У той жа час не менш за 16 краін заклікалі сваіх грамадзян тэрмінова пакінуць Украіну. РИА Новости паведамляюць, што ва Украіне пачаліся складанасці з запісам у расійскія консульствы і пасольства, супрацоўнікі якіх пакідаюць краіну.

На 12 лютага запланавана тэлефонная размова Байдэна і Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі