Беларусь не падтрымала рэзалюцыю з асуджэннем агрэсіі Расіі супраць Украіны
Бальніца ва Украіне пасля расійскага ракетнага ўдару / Reuters
Беларусь не падтрымала рэзалюцыю Асамблеі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя з асуджэннем агрэсіі Расіі супраць Украіны, у тым ліку ўдараў па медустановах. Яна ж утрымлівае заклік да ацэнкі ўздзеяння расійскай агрэсіі на сектар аховы здароўя. Дакумент быў прыняты, яго ўхвалілі 80 краін, устрымаліся 52, яшчэ 36 не ўдзельнічалі ў галасаванні. Супраць рэзалюцыі былі 9 краін. Акрамя Беларусі, гэта Алжыр, КНР, Куба, Лаос, Расія, Нікарагуа, КНДР і Сірыя, паведамляе Reuters.
Прадстаўнік РФ прапаноўваў прызнаць надзвычайную сітуацыю ў галіне аховы здароўя ва Украіне, але пры гэтым не згадваў пра ролю Расіі ў вайне. Гэтая прапанова была адхілена Асамблеяй (62 галасы супраць). Прадстаўнік Вялікабрытаніі абвінаваціў Расію ў распаўсюдзе дэзінфармацыі на Асамблеі — у распаўсюджаных брашурах сцвярджалася, што ўкраінскія войскі самі нападалі на медустановы на кантраляванай імі тэрыторыі.
Прадстаўнік Украіны заявіў, што галасаванне стала "знакам надзеі" для яе грамадзян, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе.
Па звестках Міністэрства здароўя Украіны, з 24 лютага 2022-га Расія абстраляла 600 медустаноў, 101 бальніца цалкам знішчаная без магчымасці аднаўлення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.