Беларусь ужо выйшла на плато па COVID-19 — галоўны санітарны ўрач краіны
Санітарны ўрач прагназуе, што захворванне на COVID-19 пасля святаў пачне зніжацца / TUT.BY
Беларусь выйшла на плато па колькасці новых выпадкаў COVID-19, заявіў тэлеканалу АНТ галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны Аляксандр Тарасенка. Больш за тое, ён прагназуе, што пры выкананні шэрагу ўмоў захворванне на каранавірусную інфекцыю пасля святаў пачне зніжацца.
"У залежнасці ад таго, як пройдуць святочныя дні — Новы год, Каляды — можна будзе казаць ужо аб паступовым зніжэнні захворвання насельніцтва па ўсёй рэспубліцы", — сказаў ён.
Галоўны санітарны ўрач краіны нагадаў аб неабходнасці выконваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя: мінімізаваць кантакты і наведванне людных месцаў, выконваць дыстанцыю і масачны рэжым. Ён яшчэ раз патлумачыў, чаму насіць маскі важна: "Многія хварэюць ў схаванай форме. Адпаведна, каб чалавек не з'яўляўся крыніцай віруса для навакольных, патрабуецца нашэнне маскі".
У Тарасенка спыталі і аб прышчэпках. Ён сказаў, што казаць аб іх эфектыўнасці можна будзе не раней, чым праз год. Пры гэтым вакцынацыю ад COVID-19 у Беларусі плануюць пачаць ужо ў I квартале 2021 года. Паводле яго слоў, усяго плануецца прышчапіць не менш людзей, чым падчас вакцынацыі супраць грыпу.
Пра тое, што першая партыя расійскай вакцыны "Спутник V" паступіць у Беларусь ужо ў пачатку 2021 года, гаварыў напярэдадні ў эфіры СТВ і расійскі пасол Дзмітрый Мезенцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.