Беларусь возьме ў Сусветнага банка 90 мільёнаў еўра на барацьбу з COVID-19
Ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Савет міністраў Беларусі ухваліў праект дамовы з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Пастанова аб гэтым 25 красавіка апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Праводзіць перамовы, уносіць нязначныя праўкі і падпісваць дамову ўпаўнаважылі Міністэрства аховы здароўя.
Крэдыт у 90 мільёнаў еўра будзе ўзяты на 11 гадоў. Атрыманыя сродкі плануецца выдаткаваць на "фінансаванне мерапрыемстваў па экстраным рэагаванні на эпідэміялагічную сітуацыю". Чакаецца, што на гэтыя грошы дзяржава закупіць медыцынскае абсталяванне, неадкладныя медыцынскія прэпараты і тавары.
У канцы сакавіка Сусветны банк заяўляў, што "зробіць усё магчымае, каб дапамагчы Беларусі адрэагаваць на медыцынскія, сацыяльныя і эканамічныя праблемы, звязаныя з распаўсюджваннем COVID-19".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.