Беларус, які выйграў для РФ золата Алімпіяды, адмовіўся выступаць за Расію

Аляксандр Лясун / фота Дзмітрый Панамарэнка
Аляксандр Лясун / фота Дзмітрый Панамарэнка

Беларус Аляксандр Лясун, які выйграў для Расіі золата Алімпійскіх гульняў 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра, адмовіўся выступаць за РФ. Пра гэта піша ВВС.

Лясун — пяціборац. Ён нарадзіўся ў Беларусі, але ў 2009 годзе пераехаў у Расію. Ён кажа, што быў "горды выступаць пад расійскім сцягам". У яго руская бабуля і шмат сваякоў у Расіі.

"Расія заўсёды была чымсьці дарагім майму сэрцу, чымсьці моцным, вялікім. І я кажу не пра палітыку ці войска, я кажу пра людзей, пра прыродную прыгажосць. Я заўсёды адчуваў сябе звязаным з гэтым", — прызнаецца ён.

Але пасля пачатку вайны, якую Расія распачала супраць Украіны, ён вырашыў больш ніколі не выступаць за расійскую зборную.

"Што я адчуваў? Ці магу я выкарыстоўваць нецэнзурныя выразы ў гэтым інтэрв'ю? Сказаць, што я быў шакаваны, значыць нічога не сказаць", — кажа ён.

Паводле яго слоў, у яго не было ніякага "плана Б". Ён апісвае сваё рашэнне як імпульсіўнае. Цяпер у яго іншая праца, не звязаная наўпрост са спортам.

Пазней у расійскіх медыя з'явіўся каментар Лесуна, дзе ён заявіў, што адмаўляўся выступаць за Расію не праз палітычную сітуацыю і што ў матэрыяле ВВС моцна ссунуты вектар.

"Нібыта мае словы, але журналісты ссунулі вектар маіх выказванняў. Я толькі сказаў, што ў лютым я завяршыў спартыўную кар'еру. І больш выступаць у сучасным пяцібор'і не хачу", — цытуе спартсмена championat.com.

Вялікая частка матэрыялу ВВС прысвечаная таму, што расійскія спартсмены баяцца гаварыць пра вайну і сваю рэакцыю на фоне новых расійскіх законаў, якія прадугледжваюць сур'ёзнае пакаранне за "фэйкі" пра расійскае войска.

Акрамя залатога алімпійскага медаля, у Аляксандра Лесуна 11 узнагарод чэмпіянатаў свету, у тым ліку 3 залатыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі