Беларусам адмовілі ў 6% заявак на польскія студэнцкія візы — МЗС Польшчы
Міністэрства замежных спраў Польшчы
Масавых адмоваў беларусам у выдачы візаў на навучанне цяпер няма. У гэтым журналістаў тэлеканала "Белсат" запэўнілі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы.
Візавы скандал у Польшчы разгарэўся ў верасні 2023 года. Было выяўлена мноства выпадкаў незаконнай выдачы візаў. Гаворка ішла найперш пра незаконную выдачу візаў мігрантам з краін Азіі ды Афрыкі. Аднак пад скарачэнне трапіла і праграма Poland Business Harbor, калі выявілася, што ў Польшчу прыехаў толькі кожны сёмы атрымальнік такой візы.
Нядаўна стала вядома, што тысячы людзей атрымлівалі візы для навучання ў Польшчы, але насамрэч карысталісія імі для легальнай працы. У СМІ з'явіліся паведамленні, што беларускія студэнты ў Польшчы пасля гэтага сутыкнуліся з праблемамі: камусьці візу не выдалі, камусьці далі на больш кароткі тэрмін, чым звычайна.
У Консульскім дэпартаменце МЗС Польшчы кажуць, што беларусам у студэнцкіх візах адмаўлялі ў адзінкавых выпадках. Сёлета з 1 студзеня па 30 красавіка па выдачы нацыянальных польскіх візаў для навучання (код 09) грамадзянам Беларусі было 161 рашэнне. Толькі ў 10 выпадках былі адмовы (6,2%), а 151 заяўка на візу была задаволеная.
У МЗС таксама кажуць, што консул разглядае "даступную яму інфармацыю" для ацэнкі заяўленай мэты і ўмоваў знаходжання, а таксама праўдападобнасць дэклараванага ў заяве. Віза можа быць выдадзеная на тэрмін, меншы за год, калі са звестак у справе будзе вынікаць, што патрэбная менавіта такая віза.
Калі ў візе адмовілі, рашэнне можна абскардзіць цягам 14 дзён з атрымання рашэння аб адмове, але давядзецца зноў заплаціць консульскі збор.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.