Беларускаму стэндаперу ўсё ж не дазволілі застацца ў Расіі
Ідрак Мірзалізадэ / YouTube
Масгарсуд пакінуў без задавальнення апеляцыйную скаргу адвакатаў расійскага стэндапера беларускага паходжання Ідрака Мірзалізадэ. Ён павінен будзе з'ехаць з Расіі, паведамляе "Коммерсант".
Раней расейскае МУС вынесла "пажыццёвую" забарону на яго знаходжанне ў краіне. Падставай стала выступленне Ідрака ў гумарыстычным шоў "Разгоны" на YouTube. Паведамлялася, што на Мірзалізадэ паскардзіліся гледачы, якія палічылі яго маналог пра цяжкасці падчас найму жылля ў Маскве абразлівым. У МУС гэта трактавалі як спробу справакаваць "нянавісць і варожасць у адносінах да этнічных рускіх".
Ідрак Мірзалізадэ спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне ў судзе. Суд першай інстанцыі рашэнне МУС не адмяніў, але запатрабаваў ад сілавога ведамства прызначыць "разумны" тэрмін непажаданага знаходжання. Абарона спрабавала скасаваць гэтую пастанову праз апеляцыю ў Масгарсудзе, але той пакінуў скаргу "без задавальнення".
Такім чынам рашэнне суда першай інстанцыі ўступіла ў сілу. "Цяпер Міністэрства ўнутраных спраў мусіць прыняць новае рашэнне, з новым разумным тэрмінам (на працягу якога комік павінен выехаць з Расіі — Еўрарадыё)", — заявіў адвакат коміка Сяргей Бадамшын.
Нагадаем, 29-гадовы комік Ідрак Мірзалізадэ — грамадзянін Беларусі. За той выступ ён ужо быў пакараны адміністрацыйным арыштам на дзесяць сутак. Суд палічыў яго вінаватым у распальванні міжнацыянальнай варожасці (арт. 20.3.1 КаАП РФ). "Коммерсант" таксама дадае, што, па яго дадзеных, Мірзалізадэ ўжо больш за месяц знаходзіцца за межамі РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.