На беларускага стэндапера Ідрака Мірзалізадэ напалі ў цэнтры Масквы
За напад на Ідрака Мірзалізадэ паабяцалі грашовую ўзнагароду
Беларускі стэндапер Ідрак Мірзалізадэ прызнаўся, што за апошні месяц атрымаў некалькі тысяч пагроз. "Два дні таму на мяне здзейснілі напад ў цэнтры Масквы. Напад быў матываваны грашовай узнагародай. А прычынай усяму стала распаўсюджванне хвіліннага фрагмента гумарыстычнай праграмы "Разгоны", які выдралі з кантэксту, — распавядае Ідрак. — Інфармацыя была пададзена некаторымі СМІ (Царград, Салаўёў) так, быццам бы я русафоб і абражаю рускі народ".
У праграме, пра якую ідзе гаворка, стэндап-комік распавядаў, як складана паўднёваму чалавеку зняць кватэру ў Маскве і з якімі праявамі ксенафобіі ён сутыкаецца. Ксенофобы абразіліся і пачалі даказваць, што на самой справе ўсё не так. Што (нечакана) вылілася ў новыя праявы ксенафобіі і працягнулася нападам на Мірзалізадэ.
"Гэтая гісторыя хутка б скончылася, калі б не суполкі, якія правакавалі людзей, маніпулюючы іх пачуццямі. Думайце сваёй галавой і разбірайцеся ва ўсім самі: за кожнай крыніцай інфармацыі абавязкова нехта стаіць. Трапіўшы ў гэтую сітуацыю, я сутыкнуўся з радыкальнымі суполкамі, якія сістэматычна займаюцца цкаваннем звычайных людзей па полавых, расавых і іншых прыкметах, — працягвае Ідрак. — З некаторымі з тых, хто мне пісаў абразы, я пачынаў камунікаваць, і разам мы прыходзілі да агульнай высновы, што людзей ўводзяць у зман. Я хацеў ігнараваць сітуацыю, але пасля нападу вырашыў, што трэба растлумачыць сваю пазіцыю".
На Youtube Ідрак Мірзалізадэ апублікаваў відэаролік, у якім тлумачыць, што адбылося:
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.