Вынесены прысуд докшыцкаму міліцыянту-бандыту Згірскаму
Міхаіл Згірскі і Аляксандр Перапечка
Суд Нясвіжскага раёна вынес прысуд 27-гадоваму міліцыянту з Докшыцкага РАУС. Міхаіл Згірскі, як паведамлялася раней, кіраваў бандай, якая ў балаклавах рабавала дальнабойшчыкаў.
Паводле звестак "Нашай Нівы", яму прысудзілі 8 гадоў калоніі за вымагальніцтва і злоўжыванне ўладай. Па гэтых злачынствах яму пагражала да 20 гадоў зняволення.
Падзельніку Згірскага і яго сябру дзяцінства Аляксандру Перапечку па тым жа абвінавачанні прысудзілі мінімальна магчымыя 5 гадоў.
Пра затрыманне банды "балаклаўшчыкаў" стала вядома ў траўні 2024-га. Зламыснікі абкрадалі прыпаркаваныя фуры дальнабойнікаў, пакуль кіроўца спаў у кабіне. Кіраўнік банды — капітан Згірскі — служыў у крымінальным вышуку. Ён не толькі планаваў рабаванні, але і сам удзельнічаў у іх. У кватэры Згірскага знайшлі нятабельную зброю, якая фігуравала ў заявах пацярпелых.
Справу Згірскага вылучылі ў асобную вытворчасць, "каб не пляміць ведамства", піша НН. Астатніх налётчыкаў паспелі ўжо асудзіць. Прысуды ім вынеслі на дзіва мяккія — "хатняя хімія". Вядома, яны ж не пісалі каментары ў інтэрнэце, а "проста" рабавалі. Толькі адзін удзельнік банды, рэцыдывіст, быў асуджаны на 4 гады калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.