Беларускай дэлегацыі афіцыйна забаранілі публічныя акцыі на Паралімпіядзе
Міжнародны паралімпійскі камітэт вынес афіцыйнае папярэджанне беларускай дэлегацыі. Такім чынам ён хоча не дапусціць на зімовай Паралімпіядзе паўтору інцыдэнту на адкрыцці Паралімпіяды 2016 года ў Рыа. Нагадаем, што тады беларускі спартовы чыноўнік Андрэй Фомачкін выйшаў на цырымоніі адкрыцця Гульняў з расійскім сцягам на знак пратэсту супраць дыскваліфікацыі зборнай Расіі.
Пра афіцыйнае папярэджанне кіраўнік Паралімпійскага руху Беларусі Алег Шэпель распавёў у гутарцы з "Прессболам". Па яго словах беларускай дэлегацыі забаранілі праводзіць любыя публічныя акцыі нават у гатэлі па-за Алімпійскай вёскай.
"Гэта адна з умоваў засялення ў гатэль. Упершыню ў гісторыі! Не ведаю, праўда, прыйшоў ліст толькі нам або ўсім дэлегацыям", — паведаміў Шэпель.
Разам з тым Шэпель лічыць правільным учынак Фомачкіна. Па яго словах, гэта была падтрымка спартоўцаў, бяздоказна адхіленых ад спаборніцтваў.