Беларускі Чырвоны Крыж скарачае дапамогу мігрантам, бо мае праблемы з фінансамі
Беларускі Чырвоны Крыж
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа прыпыняе грашовую падтрымку бежанцаў і мігрантаў. У заяве арганізацыі гэты крок тлумачыцца спыненнем супрацоўніцтва з партнёрамі.
БКК перастане выдаваць бежанцам ваўчары, кампенсаваць выдаткі на медпаслугі і аплачваць адпачынак дзяцей летам. Пры гэтым у арганізацыі дадаюць, што працягнуць аказваць бежанцам і мігрантам гуманітарную дапамогу — выдаваць адзенне, абутак, сродкі гігіены.
Як распавядала Еўрарадыё, Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца 1 снежня прыпыніла сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа і пазбавіла фінансавання. Гэта адбылося ў сувязі з тым, што ў БЧК не захацелі пераабіраць скандальна вядомага кіраўніка таварыства Дзмітрыя Шаўцова, які ездзіў на Данбас у вопратцы з літарай Z і прызнаўся ў вывазе дзяцей з Украіны.
Паводле справаздачы БЧК за 2022 год, замежнае фінансаванне арганізацыі складала 57,2% бюджэту. Агульная сума дапамогі — амаль 13 мільёнаў рублёў.
ААН шукае ў Беларусі арганізацыю, якая магла б замяніць БЧК у міжнародных праектах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.