ААН шукае замену Беларускаму Чырвонаму Крыжу для праектаў у РБ

ААН шукае іншага партнёра (ілюстрацыйнае фота)

ААН шукае іншага партнёра (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

ААН шукае замену Беларускаму Чырвонаму Крыжу для праектаў у РБ. Структуры міжнароднай арганізацыі завяршаюць бягучыя праекты з БТЧК. Магчыма, у будучыні яны будуць дапамагаць праз іншыя няўрадавыя арганізацыі або працаваць з лякарнямі наўпрост, паведамляе "Бюро" са спасылкай на прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

"Агенцтвы ААН у Беларусі засяроджаныя на завяршэнні цяперашніх праектаў з Беларускім Чырвоным Крыжам, — кажуць у прадстаўніцтве. — Мы вывучаем альтэрнатыўныя метады, як працягнуць аказваць неабходную падтрымку ўразлівым супольнасцям у Беларусі, каб гарантаваць бесперабойнасць гуманітарнай дапамогі ў гэты пераходны перыяд".

Сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпынена з 1 снежня. З-за гэтага ён губляе правы сябра міжнароднай федэрацыі і пазбаўляецца фінансавання. Прычынай называецца тое, што беларуская арганізацыя не выканала патрабаванне і не звольніла Дзмітрыя Шаўцова з пасады генсакратара да 30 лістапада.

Шаўцоў спачатку адправіўся ў акупаваныя раёны Украіны, дзе хадзіў у вопратцы з літарай Z. Потым ён заявіў, што Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічае ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Міжнародная федэрацыя прасіла беларускую арганізацыю спыніць падобныя дзеянні, а Шаўцова — пакінуць пасаду на час расследавання. Аднак у верасні яго пераабралі генсакратаром Беларускага Чырвонага Крыжа, а потым арганізацыя адмовілася яго звальняць.

Згодна са справаздачай БТЧК за 2022 год, якую мае ў распараджэнні "Бюро", яго замежнае фінансаванне склала 57,2% ад усяго бюджэту. Агульная сума дапамогі — амаль 13 мільёнаў рублёў. На долю МФТЧКіЧП прыпадала каля 30% усяго замежнага фінансавання, а ўвогуле на ўдзельнікаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца — 58% усёй міжнароднай дапамогі для БТЧК. Яшчэ 41% складала грашовая дапамога ад агенцтваў ААН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі