Міжнародная федэрацыя заклікае да адстаўкі Шаўцова з Беларускага Чырвонага Крыжа
Дзмітрый Шаўцоў у "ДНР"
Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца заклікае да адстаўкі Дзмітрыя Шаўцова, генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа. Ён мусіць быць адхілены ад пасады генеральнага сакратара не пазней за 30 лістапада 2023-га. Раней Міжнародная федэрацыя рэкамендавала яму пакінуць пасаду да 3 кастрычніка. Але ў верасні з'езд Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа працягнуў паўнамоцтвы Шаўцова.
На гэты раз рэкамендацый ужо няма. У выпадку невыканання патрабавання, з Беларускім Чырвоным Крыжам перастануць супрацоўнічаць. Спыніцца і фінансаванне.
Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца праводзіла расследаванне і прыйшла да высновы, што Дзмітрый Шаўцоў парушыў прынцыпы руху, правілы выкарыстання яго эмблем і палітыку добрасумленнасці.
Сёлета Шаўцоў адзначыўся паездкай у так званую "ДНР", дзе на ім быў джэмпер з літарай "Z" — сімвалам расійскай агрэсіі. Міжнародны Чырвоны Крыж у адмысловай заяве асудзіў гэтую паездку Шаўцова і паведаміў, што не быў загадзя папярэджаны пра яе. Украінскі Чырвоны Крыж заклікаў выключыць Беларусь з Міжнароднага руху. Ён спаслаўся на заяву Дзмітрыя Шаўцова пра актыўны ўдзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў дэпартацыі дзяцей з тэрыторыі Украіны.
Летась Шаўцова злавілі на гамафобных выказваннях.
З беларускім Чырвоным Крыжам звязана шмат скандалаў, бо ён трывала асацыюецца з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.