У Мінску адмовіліся звальняць кіраўніка Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова
Дзмітрый Шаўцоў падчас паездкі на Данбас
У Беларускім Чырвоным Крыжы (БЧК) адмовіліся звальняць кіраўніка арганізацыі Дзмітрыя Шаўцова. Там нагадалі, што кіраўніка БЧК — у адпаведнасці са Статутам арганізацыі — абірае і можа зняць З'езд. "7 верасня XXVI З'ездам Беларускага Чырвонага Крыжа прынята аднагалоснае рашэнне аб працягу працы Дзмітрыя Шаўцова на займаемай ім пасадзе генеральнага сакратара. Такім чынам, Дзмітрый Шаўцоў працягвае выконваць свае паўнамоцтвы ў адпаведнасці з рашэннем З'езда", — гаворыцца ў адказе арганізацыі, які атрымала агенцтва ТАСС.
Адправіць Шаўцова ў адстаўку заклікала Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Гэта адбылося пасля паездкі Кіраўніка БЧК на Данбас у ліпені гэтага года. Шаўцоў падчас гэтай паездкі з'явіўся перад камерамі ў вопратцы з літарай Z, якая з'яўляецца сімвалам расійскай акупацыі. Праўленне Міжнароднай федэрацыі запатрабавала ад беларускіх калег, каб Шаўцоў пакінуў пасаду да 30 лістапада. У адваротным выпадку яна гатовая прыпыніць сяброўства БКК у Федэрацыі і спыніць фінансаванне.
У беларускім Чырвоным Крыжы таксама адзначылі, што новых паездак Шаўцова на Данбас не плануецца — як патлумачылі ў арганізацыі, няма неабходнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.