Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа прыпыніла сяброўства беларускай філіі
Чырвоны Крыж, ілюстрацыйнае фота
Ад 1 снежня сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпынена, паведамляецца на сайце арганізацыі.
Беларускі Чырвоны Крыж губляе правы сябра Міжнароднай федэрацыі і пазбаўляецца фінансавання.
Прычынай называецца тое, што беларуская арганізацыя не выканала патрабаванне Міжнароднай федэрацыі і не звольніла Дзмітрыя Шаўцова з пасады генсакратара да 30 лістапада.
"Адхіленне з'яўляецца вынікам невыканання беларускім Чырвоным Крыжам патрабавання аб зняцці з пасады спадара Дзмітрыя Шаўцова, генеральнага сакратара нацыянальнага Таварыства. Гэта вынікае з рашэння праўлення МФТЧКіЧП ад 3 кастрычніка 2023 года па выніках расследавання абвінавачванняў на адрас генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, выкліканымі яго заявамі, у тым ліку аб ядзернай зброі і аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь, а таксама яго візітам у Луганск і Данецк", — гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі.
Аднавіць сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў арганізацыі абяцаюць пасля таго, як таварыства выканае рашэнне праўлення — здыме Шаўцова з пасады генсакратара.
Пры гэтым Міжнародная федэрацыя абяцае, што будзе рэагаваць на гуманітарныя патрэбы Беларусі.
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў спярша адправіўся ў акупаваныя раёны Украіны, дзе хадзіў у вопратцы з літарай Z. Потым ён заявіў, што Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічае ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Міжнародная федэрацыя прасіла беларускую арганізацыю спыніць падобныя дзеянні, а Шаўцова — пакінуць пасаду на час расследавання. Аднак 9 верасня Шаўцова пераабралі генсакратаром Беларускага Чырвонага Крыжа, а потым арганізацыя адмовілася яго звальняць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.