Беларускі футбаліст Ілля Шкурын пасля Ізраіля будзе гуляць у Польшчы
Ілля Шкурын у новым клубе / https://www.facebook.com/stal.mielec.oficjalna
Беларускі футбаліст Ілля Шкурын пасля Ізраіля будзе гуляць у Польшчы. Форвард падпісаў кантракт з польскім футбольным клубам "Сталь". Ён разлічаны да чэрвеня 2024 года. У "Сталі" Шкурын будзе самым дарагім футбалістам (яго кошт ацэньваецца на 600 тысяч еўра).
У мінулым сезоне "Сталь" заняла 11-е месца ў чэмпіянаце Польшчы. Шкурын гуляў у Ізраілі за "Макабі" з Пэтах-Цыкве, забіў 15 галоў.
Іллі Шкурыну 23 гады. У 2019-м ён забіў у чэмпіянаце Беларусі ў складзе "Энергетыка-БДУ" 19 галоў, стаў найлепшым бамбардзірам. У пачатку 2020-га Шкурын апынуўся ў Расіі, у маскоўскім ЦСКА, які трэніраваў беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка.
У 2020-м Ілля Шкурын адмовіўся выступаць за нацыянальную зборную Беларусі да таго часу, пакуль нашай краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка. Ён падпісаў ліст спартсменаў за новыя выбары і супраць гвалту сілавікоў. У снежні 2020 года ў Беларусі Шкурына выключылі са складу моладзевай і нацыянальнай зборных па футболе. Акрамя таго, у яго забралі льготу па адтэрміноўцы вайсковай службы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.