Беларускім хакеем будзе кіраваць Генадзь Савілаў з хакейнай каманды Лукашэнкі
Новым кіраўніком Федэрацыі хакея Беларусі стаў 42-гадовы Генадзь Савілаў, былы хакеіст нацыянальнай зборнай, паведамляе tut.by. На гэтай пасадзе ён замяніў Сямёна Шапіру, які падаў у адстаўку 28 чэрвеня.
Цяпер Савілаў гуляе за каманду Аляксандра Лукашэнкі, выступае як эксперт на тэлебачанні. Як хакеіст Савілаў выступаў за "Цівалі", "Юнацтва", "Белсталь", "Хімвалакно", "Керамін", "Гомель", жлобінскі "Металург" і мінскае "Дынама". Два гады ён гуляў у маскоўскім ЦСКА.
Такім чынам, Федэрацыяй хакея ўпершыню будзе кіраваць прафесійны спартовец.
Яго папярэднік Сямён Шапіра заяўляючы пра сваю адстаўку, патлумачыў, што не справіўся з пастаўленымі задачамі: "Я заўсёды казаў сваім падначаленым: выканаў сваю задачу — працуй, не выканаў — сыходзь. Лічу, што зараз мне трэба несці за гэта адказнасць, таму прымаю мужчынскі ўчынак — падаць у адстаўку".
Шапіра пачаў кіраваць федэрацыяй у траўні 2017 года. Пры яго кіраўніцтве нацыянальная і моладзевая зборная пакінулі элітны хакейны дывізіён. Затое юніёрская каманда выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату.