Беларускія баскетбалісты прайгралі балгарам у прэ-кваліфікацыі ЧС-2019
Зборная Беларусі па баскетболе.
Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе 16 жніўня саступіла камандзе Балгарыі ў хатнім матчы прэ-кваліфікацыі чэмпіяната свету-2019. Адчувальная перавага балгараў увасобілася ў рахунку — 70:84.
Рэальную барацьбу балгарскім баскетбалістам беларусы змаглі навязаць толькі ў другой і ў трэцяй чвэрцях матча, якія саступілі 22:25 і выйгралі 22:19 адпаведна.
У прэ-кваліфікацыі ЧС-2019 беларуская дружына ўжо правяла два матчы. 5 жніўня падапечныя Аляксандра Круцікава ў гасцях саступілі свайму цяперашняму суперніку — зборнай Балгарыі (68:78), а 9 жніўня на хатнім паркеце ўзялі верх над партугальцамі (78:75).
Заключнай для беларусаў стане гульня 19 жніўня на выездзе супраць Партугаліі. Наша каманда выйдзе ў наступную стадыю ў выпадку перамогі ці паражэння з розніцай у два ці адно ачко, піша “Прессболл”.