Беларускія памежнікі збівалі беспілотнік і ледзь не перастралялі адзін аднаго
Дрон / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
Беларускія памежнікі спрабавалі з аўтаматаў падбіць беспілотнік, але нічога не атрымалася. Відэа інцыдэнту з'явілася ва ўкраінскіх тэлеграм-каналах, піша Reform.by.
Калі і дзе зроблена відэа, невядома. Здымаў яго, відавочна, адзін з беларускіх удзельнікаў інцыдэнту.
Бачна, што людзі ў беларускай вайсковай форме стаяць на следавай паласе каля службовага аўтамабіля і страляюць у дрон, які вісіць насупраць іх. Пры гэтым беспілотнік, відавочна, находзіцца на сумежнай тэрыторыі.
Памежнікі выконваюць загады камандзіра і кладуцца на спіну, каб весці прыцэльную стральбу. Аднак усё адно пацэліць у дрон не могуць.
Апублікаванае і відэа з самага беспілотніка. На ім бачна, што памежнікі настолькі захапіліся стральбой, што бегаюць на лініі агню. Камандзір крычыць ім, каб былі больш асцярожнымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.