Беларускія спартсмены на Алімпіядзе выступяць пад дзяржсцягам — Віктар Лукашэнка

Віктар Лукашэнка / з архіва БЕЛТА
Віктар Лукашэнка / з архіва БЕЛТА

Кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка заявіў, што беларускія спартсмены ў Токіа будуць выступаць пад дзяржаўным сцягам.

Пытанне ўзнікла ў сувязі з санкцыямі МАК: у снежні Міжнародны алімпійскі камітэт увёў шэраг абмежаванняў для НАК Беларусі. Падставай стала тое, што "кіраўніцтва НАК належным чынам не абараніла беларускіх спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі". У лютым кіраўніком НАК стаў Віктар Лукашэнка, які змяніў на гэтай пасадзе бацьку. Адначасова Лукашэнка-малодшы пакінуў пасаду памочніка прэзідэнта па нацбяспецы — перастаў быць дзяржслужачым. Але кіраўніцтва МАК гэта не пераканала — у Міжнародным алімпійскім камітэце не прызналі паўнамоцтвы Віктара Лукашэнкі, а таксама абранне ў НАК Дзмітрыя Баскава, і санкцыі захавалі.

"Мы станоўча адзначаем тое, што міжнародная структура не пайшла на абвастрэнне адносін і нашы спартсмены выступаюць пад нашым сцягам, будзе гучаць наш гімн. Я думаю, гэта самае важнае і астатняе ўжо другаснае", —  пракаментаваў сітуацыю Віктар Лукашэнка. Каментарый прагучаў напярэдадні ў эфіры Беларускага тэлебачання.

Лукашэнка-малодшы лічыць, што асобныя пункты "былі асабліва палітызаваныя, і ў будучыні мы гэтае пытанне вырашым".

Паводле слоў кіраўніка НАК, дэлегацыя Беларусі на Гульнях у Токіа будзе складацца з прыблізна 200 чалавек — "гэта спартсмены, трэнеры, медперсанал і тэхнічныя супрацоўнікі". Ужо заваявана 74 ліцэнзіі, плануецца больш за 100.

Сам Віктар Лукашэнка, як кіраўнік НАК, трапіць на гульні хутчэй за ўсё не зможа. Адно з уведзеных абмежаванняў — гэта забарона на наведванне ім Алімпіяды, яго не акрэдытуюць.

Акрамя афіцыйнай дэлегацыі, выступіць на гульнях у Токіа плануе і шэраг спартсменаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій беларускага рэжыму. У снежні ў Беларускім фондзе спартыўнай салідарнасці (БФСС) казалі, што такіх атлетаў 10.

"Калі яны пройдуць кваліфікацыю, у іх будзе магчымасць выступаць пад нейтральным сцягам альбо пад сцягам новай Беларусі",казаў тады выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін.

Алімпіяда ў Токіа павінна прайсці з 23 ліпеня па 8 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі