Беларускія ўлады адказалі на скаргу маці расстралянага Аляксандра Грунова

Беларускія ўлады адказалі на скаргу маці расстралянага Аляксандра Грунова

Беларускія ўлады адказалі на скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека Вольгі Груновай, маці расстралянага ў 2014 годзе жыхара Гомеля Аляксандра Грунова. Жанчына патрабавала ад уладаў паведаміць ёй, дзе пахаваны сын. Магілу так і не рассакрэцілі, і, прайшоўшы ўсе інстанцыі ў Беларусі, Вольга Грунова звярнулася са скаргай у Камітэт па правах чалавека пры ААН. 

Распавядае праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка, які дапамагаў Вользе Груновай складаць скаргу ў ААН: 

Месца пахавання людзей, якіх пакаралі смерцю, — закрытая тэма. І калі расстралялі жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, яго маці на нацыянальным узроўні спрабавала дамагчыся рассакрэчання месца яго пахавання, але ўсё марна. Вольга Грунова звярталася і ў Адміністрацыю прэзідэнта, але там ёй адказалі, што паводле заканадаўства месца пахавання трымаецца ў сакрэце, каб не было актаў вандалізму”. 

Таму ўзнікае пытанне: ці варта звяртацца ў Камітэт ААН са скаргамі, якія пярэчаць нацыянальнаму заканадаўству? Сэнс ёсць, перакананы Леанід Судаленка: 

Вольга Грунова просіць, каб камітэт ААН уздзейнічаў на беларускія ўлады, каб тыя ў сваю чаргу змянілі не толькі нацыянальны закон, які забараняе выдаваць целы пакараных, але і практыку прымянення гэтага пакарання. У тых жа Злучаных Штатах Амерыкі, дзе існуе смяротнае пакаранне, цела пакаранага выдаецца сваякам для пахавання”. 

Беларускі бок патлумачыў сваю пазіцыю Камітэту ААН па правах чалавека што да скаргі Вольгі Груновай наступным чынам: “У Беларусі ананімнасць пахавання пакараных зняволеных замацаваная на заканадаўчым узроўні”. 

Выглядае на тое, што справа не зрушылася з месца, аднак праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што калі замоўчваць гэтую тэму, не звяртаць на яе ўвагі як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні, то ўлада не будзе задумвацца і пра адмену смяротнага пакарання.

Нагадаем, што 26-гадовы Аляксандр Груноў быў прызнаны вінаватым у забойстве гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай. Дзяўчына загінула ў верасні 2012 года — ёй было нанесена больш за 100 нажавых раненняў. Гэта забойства Груноў учыніў праз год пасля адбыцця пакарання за жорсткае збіванне сужыцеля сваёй маці, у выніку якога той памёр.

Першы смяротны прыгавор Грунову Гомельскі абласны суд вынес у чэрвені 2013 года, аднак праз чатыры месяцы Вярхоўны суд Беларусі адмяніў прыгавор і накіраваў справу на новы судовы разбор у суд першай інстанцыі. У снежні 2013 года Гомельскі абласны суд паўторна вынес смяротны прыгавор Грунову. У красавіку 2014 года Вярхоўны суд пакінуў прыгавор без змянення.

Груноў быў расстраляны 22 кастрычніка 2014 года. 4 лістапада Вольга Грунова атрымала тры пасылкі з рэчамі сына з камеры смяротнікаў. У адной з іх была турэмная роба, у якой ён знаходзіўся ў камеры, у астатніх — асабістае адзенне, рэчы і туфлі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі