Беларускія весляры не едуць на Алімпіяду ў Рыа — допінг

Беларускія весляры не едуць на Алімпіяду ў Рыа — допінг

Міжнародная федэрацыя веславання на каноэ (ICF) абвясціла пра дыскваліфікацыю спрынтарскіх каманд зборных Беларусі і Румыніі. Такое рашэнне было вынесенае пасля пасяджэння выканкама ICF у Кракаве. Прычынай дыскваліфікацыі сталі факты сістэматычнага спажывання допінгу спартсменамі гэтых краін.

Паводле звестак арганізацыі, 11 прадстаўнікоў румынскай зборнай папаліся на спажыванні допінгу, а сярод беларусаў пяцёра такіх спартсменаў. Яны дыскваліфікаваныя на год і не змогуць прыняць удзел у Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра.

Нацыянальны алімпійскі камітэт і Мінспорту выступілі з афіцыйнай заявай на гэты конт. У ёй удакладняецца, што ад міжнародных спаборніцтваў адхіляецца мужчынская каманда Беларусі па веславанні, разам з трэнерамі, медыцынскім персаналам і абслугай. Рашэнне ICF было прынятае па выніках паліцэйскага вобшука ў месцы пражывання беларускай каманды падчас трэніровачнага збору ў горадзе Тэмпле-сюр-Лот. Беларускія спартовыя функцыянеры лічаць, што такое рашэнне “абсалютна нічым не абгрунтаванае і вынесенае на падставе надуманай нагоды”.

“Ніводнаму з сябраў нацыянальнай каманды дагэтуль не было выстаўлена ніякіх абвінавачанняў, пасяджэнняў суда не было, віна спартсменаў і трэнераў не вызначаная, прынцып прэзумпцыі невінаватасці груба парушаны”, — сказана ў заяве.  

Апроч таго, НАК і Мінспорту лічыць, што выканкам ICF свядома зацягваў вынясенне гэтага рашэння, ведаючы, што тэрмін афіцыйнай заяўкі на Алімпіяду-2016 заканчваецца 18 ліпеня і часу на абскарджванне і абарону інтарэсаў будзе мала.

“Ужо сфармаваны адпаведны пакет, куды ўключаныя ўсе неабходныя дакументы, у тым ліку і персанальна ад асобы спартсменаў”, — адзначаецца ў заяве.

“Метады, якія выкарыстоўваюцца напярэдадні Алімпіяды па адхіленні вядучых спартсменаў ад барацьбы за ўзнагароды, выклікаюць здзіўленне. За імі праглядаецца недатрыманне прынцыпаў сумленнай барацьбы, лабіраванне асабістых інтарэсаў і карупцыйны падыход. У сувязі з гэтым НАК Беларусі праводзіць перамовы і кансультацыі з кіраўніцтвам і сябрамі МАК”, — цытуе заяву Прессбол.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі