Беларусы прыварылі на танк печку. Але наўрад ці яна ўратуе ад "Джавеліна"

Як табе такое, Ілан Маск? / БЕЛТА
Як табе такое, Ілан Маск? / БЕЛТА

Беларускі ваенпрам паказаў мадэрнізаваны айчынны танк з незвычайным дэвайсам. Выглядае ён так: ззаду Т-72Б3 да маторнага адсека гарызантальна прыварана металічная труба, на якой вісіць печка-цыліндр. З яе падымаюцца языкі полымя.

Як відаць, гэтая "вундэрвафля" закліканая быць цеплавой пасткай, каб падмануць супрацьтанкавы боепрыпас, які наводзіцца на цеплакантрастную цэль.

Ці карысны такі "кацялок" на самай справе?

Белорусы приварили на танк печку. Но вряд ли она спасёт от “Джавелина”

— Я не думаю, што яго эфектыўнасць была выпрабаваная. Трэба глядзець на практыцы, — расказвае Еўрарадыё ваенны аглядальнік Аляксандр Каваленка. — Рэч у тым, што часам самыя прымітыўныя і простыя рашэнні аказваюцца вельмі эфектыўнымі. Я не выключаю, што гэты "казанок" можа адцягваць увагу боегалоўкі. Напрыклад, калі танк у халодным рэжыме доўгі час стаіць "астылы". Але калі танк да гэтага знаходзіўся ў баявым выкарыстанні, то "казанок" не дапаможа абсалютна ніяк, гэта бессэнсоўная цацка. Таму што інтэнсіўнасць цеплааддачы ад маторнага адсека будзе значна большая, чым ад гэтага спараджэння змрочнага генія.

І нават у выпадку, калі танк астылы, падпалены казанок — не самы лепшы варыянт. Ён можа дапамагчы байцам Сіл спецыяльных аперацый, якія будуць шукаць варожую тэхніку па цеплавым выпраменьванні, і артылерыстам, якія таксама выкарыстоўваюць дроны, абсталяваныя цеплавізарам. Асабліва казанок будзе прыцягваць увагу ноччу.

Да таго ж мы бачым, наколькі гэтае рашэнне неэрганамічнае. Паспрабуй пакатайся па перасечанай мясцовасці, калі ў цябе з маторнага адсека тырчыць труба, а на ёй яшчэ і вісіць такі дэвайс. Пры гэтым яшчэ трэба, каб у ім пастаянна падтрымлівалася тэмпература агню на патрэбным узроўні.

Калі б яны паказвалі гэта ў часе Другой сусветнай вайны, як дзяды ваявалі, і для тых, хто настальгуе па "ачумелых ручках", то гэта падыходзіць. Але гэта наўрад ці актуальна для цяперашніх умоў вайны, калі выкарыстоўваюцца сучасныя сродкі выяўлення і паражэння.

Белорусы приварили на танк печку. Но вряд ли она спасёт от “Джавелина”
Кацялок на трубе, зверху танка краты-"мангал" — на пікнік сабраліся? / БЕЛТА

Фота танка з печкай ацанілі таксама мілітары-каналы.

— Ведаеце, ёсць вельмі шмат ступеняў крайняга здзіўлення. І вось гэта адна з іх. Менавіта так УС РБ мадэрнізуюць свае танкі. І калі ідэя з "плотам" збоку яшчэ больш-менш адэкватная, то "мангал" і падпаленае вядро ззаду...

Ведаеце, я нічога не скажу пра эфектыўнасць гэтай "мадэрнізацыі" супраць "Джавелінаў" і ўжо тым больш "Спайкаў". Гэта проста паказчык таго, наколькі прасраныя палімеры ў ВПК Беларусі і эрэфіі: ды настолькі, што замест худа-бедна масавага КАА яны ставяць... вось гэта.

Ідэальны прыклад "рюзге смекалочки", які зусім не дапаможа. Затое гэта выдатны прыклад прафесійнай імітацыі бурнай дзейнасці. Адзіны плюс такой "канструкцыі" — гэта тое, што яна змагла падняць настрой праваслаўнаму люду. І на тым дзякуй, — іранізуе рэзервіст ЦАХАЛа і аўтар тэлеграм-канала tactialjewchannel.
 

"Трэба больш мангалаў!"

Белорусы приварили на танк печку. Но вряд ли она спасёт от “Джавелина”
Т-72Б3 з наваранымі супрацькумулятыўнымі экранамі / Канстанцін Міхальчэўскі

У дадатак на выставачны танк беларускія вынаходнікі з усіх бакоў наварылі супрацькумулятыўныя крацістыя экраны. У народзе іх называюць "мангалы" або "куратнікі". Маўляў, глядзіце, мы ўлічылі досвед вайны ва Украіне і зрабілі апгрэйд, ды яшчэ хітра, мудра, невялікім коштам.

Вось толькі гэта не панацэя ад "Джавеліна", таму што краты на танку прызначаныя ў асноўным для абароны ад гранат станковых і ручных супрацьтанкавых гранатамётаў.

— На гэтым Т-72Б3 супрацькумулятыўныя краты размешчаны практычна па ўсім корпусе, — выказваецца пра беларускую мадэрнізацыю Аляксандр Каваленка. — Па баках іх размяшчаюць для абароны ад РПГ-7 і падобнага ўзбраення. "Куратнікі" наверсе, па ідэі, таксама павінны экранаваць, абараняць верхнюю праекцыю танка ад ракеты супрацьтанкавага ракетнага комплексу (СТРК), якая пікіруе на цэль пад вуглом і, адпаведна, паражае вежу танка. Гаворка ідзе пра СТРК "Джавелін", ізраільскі "Спайк", французскія "ММП" і гэтак далей. Але ў гэтым выпадку разлік на краты — найпаўнейшы самападман.

Той жа Javelin захоплівае не саму вежу танка, а менавіта яго цеплавылучальныя ўчасткі. Гэта ў першую чаргу маторны адсек і гармата пасля стрэлу. Удар СТРК можа быць накіраваны ў адзін з гэтых пунктаў, але ніяк не ў сам "куратнік", які ў гэтым выпадку сваю задачу не выконвае.

Не ратуе ён і ад тандэмных боепрыпасаў, пры траплянні якіх у цэль спачатку дэтануе лідзіруючы зарад, які забяспечвае прабіццё тых жа кратаў. А хваставы, асноўны зарад, завяршае справу.

Магчыма, "мангал" можа быць дастаткова эфектыўным супраць дробнага калібра, тых жа ВОГаў [асколачных боепрыпасаў для ручных гранатамётаў], якія скідаюць на танкі з дронаў. У нейкіх выпадках краты могуць знізіць шкоду, але не прадухіліць яе.
 

Як наконт новых распрацовак, Дзяржкомваенпрам?

Белорусы приварили на танк печку. Но вряд ли она спасёт от “Джавелина”
Скрыначкі на танку — гэта дынамічная ахова / dialog.ua

Магчыма, замест наварвання "мангалаў", беларускаму ваенна-прамысловаму комплексу варта было б масава ўкараняць больш сучасныя і дзейсныя распрацоўкі. Напрыклад, новыя пакаленні дынамічнай (ДА) або актыўнай аховы танкаў (КАА).

Дынамічная ахова — гэта размешчаныя на корпусе танка кантэйнеры, унутры якіх паміж дзвюма сталёвымі пласцінамі закладзена выбуховае рэчыва (ВР). Пры траплянні боепрыпаса ў кантэйнер ВР дэтануе. Ствараецца адкідвальная ўдарная хваля, якая значна зніжае шкоду ад варожага снарада.

Дарэчы, на танк з печкай (выставачная як-ніяк!) ахову павесілі. Вось толькі ці хапае яе на ўсе машыны? Калі паглядзець на фота вучэнняў беларускіх танкістаў, то поўны камплект ДА на танках можна заўважыць далёка не заўсёды. Фота ўнізе — яркі прыклад: пара скрыначак на корпусе і голыя ржавыя барты.

Белорусы приварили на танк печку. Но вряд ли она спасёт от “Джавелина”
Стрэльбы танкавага батальёна 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады / Мінабароны Беларусі

Аднак на лёгкабраняванай тэхніцы (БТР, БМП і іншыя) размяшчэнне ДА не зусім эфектыўнае, бо гэта можа пашкодзіць самой машыне. І ўжо дакладна не варта браць прыклад з расіян, якія дадумаліся павесіць ДА на цывільную машыну, якая не мае брані, тым самым ператварыўшы яе ў шахід-мабіль.

Белорусы приварили на танк печку. Но вряд ли она спасёт от “Джавелина”
Дынамічная ахова на капоце небраняванай легкавой машыны — "вянец ваеннай думкі" акупацыйных войскаў РФ / Аляксей Раманаў / "УКантакце"

Беларускія вайскоўцы "вырашылі пытанне" абароны грузавіка, павесіўшы на капот... звязак бярвення і шыны.

Белорусы приварили на танк печку. Но вряд ли она спасёт от “Джавелина”
Без каментароў / БЕЛТА

Яшчэ больш сучасная ахова для браняванай машыны (агу, Дзяржкомваенпрам!) — актыўная. Прынцып яе працы такі: убудаваная радыёлакацыйная станцыя засякае боепрыпас, які набліжаецца да танка, і сістэма тут жа выстрэльвае ў яго бок спецыяльным снарадам або выпускае аэразольнае воблака — гэта ўжо залежыць ад тыпу КАА. Пры гэтым калі і не папярэджваецца траплянне варожага боепрыпаса, то як мінімум моцна аслабляецца яго дзеянне.

— У Расіі дастаткова багаты досвед па стварэнні комплексу актыўнай аховы. Але на сённяшні дзень ні адзін з КАА не быў заўважаны ў зоне баявых дзеянняў. Гэта дарагі комплекс, яны даражэйшыя за ўсталяванне комплексу дынамічнай аховы і ўжо тым больш даражэйшыя за ўсталяванне кратаў на танк. Але якраз-такі ён, па сутнасці, і павінен эфектыўна змагацца з СТРК тыпу "Джавелін". Страціць танк коштам каля трох мільёнаў долараў або раскашэліцца на КАА замест кратаў — тут ёсць над чым задумацца, — рэзюмуе Аляксандр Каваленка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі