Белстат залічыў Крым у склад Расіі
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі залічыў паўвостраў Крым у склад Расіі, хаця Беларусь афіцыйна не прызнала далучэнне Крыма.
Гэтую асаблівасць заўважыў Яўген Судзілоўскі, які выклаў у Фэйсбук звесткі са "Cтатыстычнага штогодніка" Белстата за 2015-2017 гады. Згодна з імі, напрыклад, Расія ў 2013 годзе мела 143,5 млн насельніцтва, а ў 2014-м яно вырасла да 146,1 млн. Насельніцтва Украіны ж скарацілася з 45,5 млн у 2013-м да 42,2 млн у 2014-м.
Адпаведна зменшылася ў беларускіх статыстычных штогодніках тэрыторыя Украіны — з 603,5 тыс. кв. км у 2011-м да 576,6 тыс. кв. км у 2016 годзе.
А вось тэрыторыя Расіі за апошнія гады павялічылася. У 2011 годзе яна складала 17 075,4 тыс. кв. км, а ў 2016-м — ужо 17 125,5 тыс. кв. км.