Белы дом паведаміў дату і час, калі сустрэнуцца кіраўнікі ЗША і КНДР
Сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына пройдзе ў Сінгапуры 12 чэрвеня. Такую дату назвала прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс, перадаюць амерыканскія інфармагенцтвы. Сустрэча пачнецца а 9-й гадзіне паводле мясцовага часу (4.00 паводле мінскага).
Кіраўнік ЗША раней называў асноўнай мэтай перамоваў ператварэнне Карэйскага паўвострава ў бяз'ядзерную зону. Разам з тым ён выказваў сумнеў, што гэтае пытанне ўдасца вырашыць падчас адной сустрэчы. Кіраўнік Паўночнай Карэі ў сваю чаргу выказваў жаданне вырашаць гэтую праблему паэтапна, каб краіна атрымала наўзамен гарантыі бяспекі і эканамічную выгаду.
Сустрэча ў Сінгапуры была анансаваная загадзя, але потым Трамп адмяніў яе. Але пасля чарговых перамоваў з афіцыйнымі прадстаўнікамі КНДР прэзідэнт ЗША ўсё ж пагадзіўся на сустрэчу з паўночнакарэйскім калегам. Кіраўнікі дзвюх краін абмяняліся лістамі.