Без намёкаў. Як вусаты дыктатар нечакана памёр
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Ніхто гэтага не чакаў, але тыран, што трымаў у страху ўласны народ, раптоўна памёр.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае, як не стала Іосіфа Сталіна. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
Кіраўнік СССР памёр 5 сакавіка 1953 года. Па афіцыйнай версіі, прычынай смерці стала кровазліццё ў мозг (інсульт).
Адзін з паплечнікаў Сталіна Лазар Кагановіч пісаў у сваіх мемуарах:
“Памёр Сталін нечакана. Хоць некаторыя з нас у апошні перыяд яго жыцця радзей бывалі ў яго ў хатніх умовах, але на нарадах, афіцыйных паседжаннях мы з задавальненнем бачылі, што, нягледзячы на стомленасць ад вайны, Сталін выглядаў добра. Ён быў актыўны, бадзёры і па-ранейшаму вёў абмеркаванне пытанняў жвава і змястоўна”.
З успамінаў акадэміка медыцыны Аляксандра Мяснікова, які знаходзіўся сярод групы лекараў у час канання Сталіна, таксама відаць, што ў пацыента перад смерцю не было значных праблем са здароўем:
“Цікава адзначыць, што да сваёй хваробы, — відаць, апошнія тры гады, — Сталін не звяртаўся да лекараў па медыцынскую дапамогу. На яго вялікім лецішчы ў Кунцаве не было нават аптэчкі з першымі неабходнымі сродкамі; не было, між іншым, нават нітрагліцэрыну — і калі б у яго здарыўся прыпадак грудной жабы, ён мог бы памерці ад спазму, які мог быць ліквідаваны дзвюма кроплямі лекаў”.
Без намёкаў. Як еўрапейскі дыктатар хацеў кіраваць вечна
Зусім у іншым святле стан здароўя Сталіна выстаўляе Мікіта Хрушчоў у сваіх мемуарах:
“Пасля Вялікай Айчыннай вайны з кожным годам рабілася больш заўважна, што Сталін слабее фізічна. Асабліва заўважна адбівалася гэта ў правалах яго памяці”.
Але нават Хрушчоў прызнаў: за дзень да таго, як са Сталіным здарыўся перадсмяротны параліч, знешне нішто не выклікала якой-небудзь трывогі адносна такога канца: “Мы ў яго бавілі час у апошні суботні вечар, і ён быў у добрым настроі, здаваўся нам здаровым”.
Здароўе Сталіна рэзка пагоршылася ўвечары 1 сакавіка, але ён не атрымаў своечасовай дапамогі: лекараў выклікалі толькі раніцай наступнага дня. Цэлую ноч Сталін быў адзін і без прытомнасці.
Ён паміраў на Кунцаўскай дачы, якую называлі “блізкай”. Ахоўнікі не адразу зразумелі, што з гаспадаром нешта не тое, бо ён забараніў ім уваходзіць без званка. Толькі ў 23:00 адзін з ахоўнікаў зазірнуў у пакой і ўбачыў яго на падлозе з хрыплым дыханнем.
73-гадовы Сталін ляжаў на падлозе ў сподняй кашулі. Піжамныя штаны былі мокрыя ад мачы. Відавочна, у такім стане ён быў ужо каля дзесяці гадзін.
Яго пераклалі на канапу і сталі тэлефанаваць начальнікам. У 2 гадзіны ночы 2 сакавіка на дачу прыехалі Лаўрэнцій Берыя і Георгій Малянкоў. Яны паглядзелі на Сталіна і з'ехалі, сказаўшы яго не чапаць.
Іранічна, але напярэдадні Сталін пачаў “Справу лекараў”, па якой шмат вядомых медыкаў абвінавацілі ў варожай дзейнасці. Тым не менш у 7 раніцы 2 сакавіка на лецішчы змог сабрацца кансіліум з прафесараў медыцыны.
На думку лекараў, у Сталіна было кровазліццё ў мозг ад высокага ціску і атэрасклерозу. Урачы пакінулі Сталіна на канапе, паставілі яму п'явак, прыклалі холад да галавы і зрабілі мікраклізму. Але гэта не дапамагло, бо ў Сталіна з’явілася перадсмяротнае дыханне. Пульс Сталіна быў нестабільны, ціск падвышаўся, а тэмпература паднялася да 38°С.
Назаўтра пацыенту стала яшчэ горш. Ужо ў 7:10 раніцы Сталін пачаў неспакойна варочацца, а ў 7:30 у яго "парушылася дыханне". Часам ён расплюшчваў вочы, але было няясна, ці ўсведамляе ён што-небудзь.
Ён спрабаваў гаварыць, але не мог. Часам рухаў левай рукой ці нагой.
У 19:00 лекары заўважылі вяртанне прытомнасці. Хворы рэагаваў на словы чальцоў Прэзідыума ЦК партыі, якія былі побач з ім.
Бліжэй да ночы 3 сакавіка зрэнкі Сталіна перасталі рэагаваць на свет. Гэта азначала парушэнне работы нервовай сістэмы. Дыханне Сталіна стала яшчэ больш перарывістым, узнікла сардэчная недастатковасць. Урачы пастаянна кансультаваліся з калегамі, рабілі адчайныя спробы нешта зрабіць, але дапамагчы пацыенту яны не маглі.
Інсульт пашкодзіў цэнтры дыхання ў галаўным мозгу. Сталін павольна паміраў ад недахопу кіслароду. Яго дыханне стала спыняцца. Урачы фіксавалі ўсё часцей такія паўзы.
Яны спрабавалі аднавіць дыханне націсканнем на грудзі. А 8-й раніцы 4 сакавіка твар і канечнасці Сталіна пакрыліся сінякамі. У 14:00 ён спацеў. А пад вечар ён дыхаў з частымі і доўгімі паўзамі.
У ранішнія гадзіны 5 сакавіка ў хворага пачалася ікаўка. Урачы разумелі, што гэта прыкмета хуткага канца. У 7:20 яны адзначылі ў пацыента моцны пот, а праз гадзіну пачаліся крывавыя ваніты. Сутаргі ад ванітаў працягваліся да абеду.
У 12:00 галава Сталіна затрэслася. У 18:00 медыкі запісалі, што лідар СССР "тройчы цяжка прастагнаў". Гэта азначала: ён адчуваў невыносныя пакуты — у яго была агонія. У 20:10 пацыент страціў прытомнасць.
У гэты час у Крамлі сабралося кіраўніцтва КПСС. Бліжэйшыя спадчыннікі рэалізавалі распрацаваны ў першыя дні хваробы Сталіна план. Малянкоў стаў кіраўніком Саўміна СССР і фактычным пераемнікам, Берыя ўзначаліў сілавікоў, Варашылаў — прэзідыум Вярхоўнага Савета, Булганін — войска, Хрушчоў — партыю.
Паседжанне доўжылася ўсяго сорак хвілін. Затым новаабраныя лідары савецкай імперыі паспяшаліся на дачу ў Кунцава і яшчэ заспелі Сталіна жывога.
Ён спацеў яшчэ больш, скура яшчэ больш счарнела, жывот надзьмуўся, а павекі не сплюшчваліся. Нягледзячы на спробы вярнуць хворага да жыцця з дапамогай штучнага дыхання, Сталін памёр у 21:50 паводле маскоўскага часу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.