Без намёкаў. Як дыктатар да апошняга не верыў у свой расстрэл
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Натоўп крычаў яму “Пацук!”, але сыхозіць ён не збіраўся.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае палітычную кар’еру і яе завяршэнне Нікалае Чаўшэску. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
Хлопец з вёскi
Будучы кіраўнік камуністычнай Румыніі нарадзіўся 26 студзеня 1918 года ў сям'і селяніна: як сцвярджаў ён сам, вельмі беднага. Аднак насамрэч яго бацька валодаў трыма гектарамі зямлі.
Чаўшэску сцвярджаў, што "з адзінаццаці гадоў спазнаў капіталістычную эксплуатацыю". У рэальнасці "эксплуатацыя" заключалася ў тым, што ён быў памагатым у бухарэсцкага шаўца, які падзяляў камуністычныя погляды.
У 1933 годзе Чаўшэску ўпершыню патрапіў у турму. У 1940-1944 гадах, пры дыктатары Іоне Антанеску, знаходзіўся ў лагерах для "падрыўных элементаў". Там ён пазнаёміўся з лідарам румынскіх камуністаў Геаргіу-Дэжам, што абумовіла яго далейшы кар'ерны ўзлёт.
Нейкі час пасля вызвалення ўзначальваў мясцовы камсамол, у якасці міністра сельскай гаспадаркі бязлітасна правёў калектывізацыю, потым быў прызначаны начальнікам галоўнага палітупраўлення румынскай арміі.
Пасля смерці Геаргіу-Дэжа ў 1965 годзе на пасаду генеральнага сакратара прэтэндавалі тры роўныя па сіле патэнцыйныя пераемнікі, якія ў выніку дамовіліся вылучыць Чаўшэску ў якасці кампраміснай фігуры. Праз некалькі гадоў адзін з іх пры дзіўных абставінах застрэліўся з паляўнічай стрэльбы, а другога адправілі паслом у Лацінскую Амерыку.
Прыйшоўшы да ўлады, Чаўшэску зняў усе перашкоды для выезду ў Ізраіль румынскіх яўрэяў, адмяніў глушэнне заходніх "галасоў", дазволіў чытаць замежную прэсу і дыверсіфікаваў знешнеэканамічныя сувязі.
Заходнегерманскія фірмы, выкарыстоўваючы танную мясцовую працоўную сілу, наладзілі ў Румыніі пашыў якасных гарнітураў і кашуль, якія цалкам адпраўляліся ў Еўропу. Пабудаваны ў Бухарэсце атэль "Інтэркантыненталь" з замежным менеджментам доўгія гады быў самым высокім будынкам у Румыніі. На чарнаморскім узбярэжжы з'явіліся курорты для валютных турыстаў, дзе панавалі вольныя норавы.
Румынія аказалася адзінай дзяржавай Варшаўскай Дамовы, якая не ўдзельнічала ў акупацыі Чэхаславакіі і ў байкоце лос-анджэлескай Алімпіяды.Чаўшэску праводзіў палітыку балансу ў дачыненні да савецка-кітайскага канфлікту, захаваў нядрэнныя адносіны з Мао і ў якасці пасярэдніка садзейнічаў аднаўленню дыпламатычных адносін паміж КНР і ЗША. А ў 1969 годзе Бухарэст наведаў Рычард Ніксан. Такім чынам, Румынія стала першай камуністычнай краінай, куды нанёс візіт прэзідэнт ЗША.
Азіяцкі сцэнар
Але лібералізму хапіла ненадоўга. Верагодна, на Чаўшэску паўплывалі мадэлі кіравання ў Кітаі і Паўночнай Карэі. Вярнуўшыся з вялікага азіяцкага турнэ, ён абвясціў на пленуме ЦК 6 ліпеня 1971 года ідэалагічную праграму, вядомую як "ліпеньскія тэзісы".
Яна ўключала ў сябе "далейшае павышэнне ролі камуністычнай партыі ў грамадстве", "патрыятычнае выхаванне моладзі на будоўлях сацыялізму" і ўзвышэнне партыйнага кіраўніцтва ў мастацкіх творах.
Затым былі ўзмацненне жорсткасці цэнзуры, узмацненне ціску на іншадумцаў з боку таемнай паліцыі і папраўкі ў статут партыі, паводле якіх генеральны сакратар абіраўся не пленумам ЦК, а непасрэдна з'ездам. Гэта павінна было застрахаваць яго ад выпадковасцяў накшталт той, што здарылася з Мікітам Хрушчовым.
Прапаганда іменавала Чаўшэску "Паўнаводным Дунаем Розуму", "Геніем Карпат", "Героем з Герояў" і "Работнікам з Работнікаў". Яго асабістую бяспеку забяспечвалі каля 40 тысяч супрацоўнікаў сакрэтнай службы. У 1978 годзе падчас візіту ў Лондан на абедзе ў Букінгемскім палацы госць загадаў свайму служку спачатку паспрабаваць яго ежу.
Перакладаліся і папулярызаваліся паўночнакарэйскія кнігі і артыкулы аб "ідэях чучхэ", а мясцовыя гісторыкі стварылі працы, у якіх даказвалі, што румыны — прамыя нашчадкі старажытных рымлян.
У невялікай і небагатай краіне Чаўшэску выбудаваў грандыёзны прэзідэнцкі палац, які саступаў па плошчы памяшканняў толькі будынку Пентагона, а грамадзянам заявіў, што яму "асабіста нічога не патрэбна", і ўся гэтая раскоша "належыць народу".
Жонка дыктатара Алена Чаўшэску карысталася вялікім уплывам, а сын Ніку стаў губернатарам і, на агульную думку, рыхтаваўся ў пераемнікі.
Апафеозам нацыяналістычнай і ізаляцыянісцкай палітыкі стала абвешчанае ў 1983 годзе рашэнне поўнасцю выплаціць знешні доўг у памеры 21 мільярда долараў і надалей заканадаўча забараніць замежныя запазычанні.
Да радасці афіцыйнай румынскай і савецкай прапаганды, доўг за шэсць гадоў выплацілі, але дзяржаве дзеля гэтага прыйшлося пайсці на крайнія меры: рацыянаванне прадуктаў, уключаючы хлеб і бульбу, бензіну і электраэнергіі (грамадзянам дазвалялася мець па адной 15-ватнай лямпачцы на кожнае памяшканне, халадзільнікі і пыласосы былі забароненыя).
Пацук, сыходзь!
Упершыню рэжым сутыкнуўся з масавым супрацівам у 1977 годзе, калі праз павышэнне пенсійнага ўзросту забаставалі 35 тысяч шахцёраў. Каля чатырох тысяч страйкоўцаў былі збітыя ці рэпрэсаваныя. Новыя забастоўкі ў прамысловасці, на гэты раз не толькі з эканамічнымі, але і з палітычнымі лозунгамі, прайшлі ў 1986-1987 гадах.
У красавіку 1989 года заходнія СМІ апублікавалі адкрыты ліст шасці былых буйных партыйных дзеячаў аб тым, што Чаўшэску вядзе краіну да катастрофы. Усе, хто падпісаў яго, былі арыштаваныя і высланыя са сталіцы. У кастрычніку ў гарадах з'явіліся ўлёткі з заклікамі пратэставаць супраць "гэтага ненармальнага і яго вар'яткі".
24 лістапада з'езд партыі, які апынуўся апошнім у гісторыі, пераабраў 71-гадовага Чаўшэску на чарговы пяцігадовы тэрмін. Дэлегаты стоячы пляскалі яго прамове 62 разы. А 16 снежня пачалася рэвалюцыя.
Спускавым кручком стаў мітынг у Тымішаары, цэнтры акругі Тыміш, дзе жыла значная венгерская меншасць. Удзельнікі пратэставалі супраць рашэння аб дэпартацыі з краіны пастара і праваабаронцы Ласла Токеша, венгра па нацыянальнасці.
Хваляванні перакінуліся на Бухарэст, дзе на Опернай плошчы пачаўся бестэрміновы мітынг з патрабаваннем адстаўкі Чаўшэску.
Увечары 19 снежня сілавікі адкрылі агонь па дэманстрантах у Тымішаары. Тыя ў адказ занялі будынак акруговага камітэта партыі.
Увечары 20 снежня Чаўшэску, які экстранна перапыніў візіт у Іран, правёў тэлеканферэнцыю з сілавікамі, загадаўшы "страляць па мяцежніках без папярэджання" і даставіць у сталіцу з правінцыі 50 тысяч "правераных пралетарыяў".
На наступны дзень перад будынкам ЦК быў прызначаны мітынг тых самых "пралетарыяў". Выйшаўшы на балкон, Чаўшэску не адразу зразумеў, што натоўп складаецца з яго апанентаў.
Ён абазваў удзельнікаў дэманстрацый "ворагамі рэвалюцыі" і "хуліганамі", абвінаваціў ва ўсім заходнія спецслужбы і паабяцаў павысіць сярэднямесячную зарплату на 100 лей (прыкладна чатыры долары). Калі на восьмай хвіліне выступлення натоўп пачаў асвістваць яго і скандаваць: "Пацук!", па людзях пачалі страляць.
Агулам па краіне, па розных дадзеных, загінулі ад 162 да 1104 чалавек, звыш 3 тысяч былі параненыя.
А 10 раніцы 22 снежня Чаўшэску выдаў указ аб увядзенні ў краіне ваеннага становішча, аднак міністр абароны Віктар Стэнкулеску загадаў войскам не пакідаць казармаў. Улада перайшла ў рукі Фронту нацыянальнага выратавання.
Не хэпі-энд для Чаўшэску
У 12.06 дыктатар і яго жонка ўцякалі на верталёце з даху будынка ЦК, акружанага натоўпам дэманстрантаў, спрабуючы дасягнуць ці то верных воінскіх частак, ці то сакрэтнага бункера, пабудаванага на выпадак вайны. Але экіпаж пасадзіў машыну ў чыстым полі і загадаў пасажырам ісці прэч на ўсе чатыры бакі.
У той жа дзень мужа і жонку затрымалі ў раёне горада Тыргавіштэ і змясцілі ў казарму ваеннай паліцыі. Там жа іх судзіў надзвычайны трыбунал, сфармаваны на скорую руку з дзеячаў ранейшага рэжыму.
Нікалае і Алене Чаўшэску прад'явілі абвінавачанні ва ўзброеным выступленні супраць народа, падрыве нацыянальнай эканомікі і крадзяжы прыкладна аднаго мільярда долараў, размешчаных на сакрэтных рахунках у замежных банках. Яны не выявілі ніякіх прыкмет раскаяння і размаўлялі з суддзямі грэбліва.
25 снежня трыбунал вынес ім смяротны прысуд. У той жа дзень асуджаных расстралялі ля сцяны грамадскай прыбіральні добраахвотнікі-дэсантнікі. Па ўспамінах удзельнікаў падзей, Нікалае і Алена Чаўшэску да апошняй хвіліны не верылі, што іх могуць пакараць смерцю, і толькі калі ім прыняліся звязваць рукі, зразумелі пра канец.
Трупы паказалі па тэлебачанні. Паколькі ў розных месцах краіны працягваліся перастрэлкі, новыя ўлады хацелі прадэманстраваць прыхільнікам Чаўшэску, што далейшае супраціўленне не мае сэнсу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.