Блогера Mellstroy знялі з вышуку ў Беларусі за абяцанне дапамогі дзіцячым дамам
Блогер Mellstroy
Імя беларуса Андрэя Бурыма, вядомага як трэш-блогер Mellstroy, знікла з базаў вышуку ў Беларусі і Расіі. Гэта адбылося пасля яго заяў пра дапамогу дзіцячым дамам на радзіме. Пры гэтым ён па-ранейшаму мае запазычанасць перад расійскай падатковай, піша тэлеграм-канал Mash.
Бурым быў абвешчаны ў вышук за ўхіленне ад службы ў беларускім войску. На яго пачалі крымінальную справу.
Пра дапамогу дзіцячым дамам Бурым заявіў днямі. Паводле Mash, ён паабяцаў купіць спартовы інвентар і адзенне ў кожную з 500 устаноў у Беларусі.
Выданне не ўдакладняе, адкуль узялася лічба ў 500 дзіцячых дамоў у Беларусі. Паводле звестак Мінадукацыі на лета 2021 года, у Беларусі было дзесяць дзіцячых дамоў, дзве школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама 309 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і 1505 прыёмных сем'яў, зазначае "Зеркало".
Mellstroy праславіўся вар'яцкімі стрымамі, збіццём людзей у жывым эфіры і дзіўнымі выхадкамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.