Брэсцкія ўлады не дазволілі дэманстрацыю пад сацыяльнымі лозунгамі
Брэсцкія ўлады не дазволілі дэманстрацыю пад сацыяльнымі лозунгамі. Акцыя планавалася на 7 траўня, бо сёлета першамайскае свята супала з праваслаўным Вялікаднем. Заяўку на правядзенне акцыі ў Брэсце падала абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Падчас акцыі сацыял-дэмакраты планавалі выказаць пратэст у сувязі з прыняццем дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", павышэннем пенсійнага ўзросту.
Як распавяла Еўрарадыё старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП Ганна Канюс, гарвыканкам адмовіў сацыял-дэмакратам у правядзенні мерапрыемства.
Канюс: “Галоўная прычына забароны — гэта тое, што мы планавалі ісці па праспекце Машэрава (цэнтральная вуліца горада. — Еўрарадыё). Па-другое, у нас не было дамоваў аб медыцынскім абслугоўванні і забеспячэнні прыборкі гэтай тэрыторыі. Такія дамовы мы ніколі не заключалі да таго часу, пакуль не было рашэння гарвыканкаму, бо можа быць змена і месца, і часу мерапрыемства”.
Па словах Канюс, рашэнне гарвыканкама парушае грамадзянскія правы. Законам “Аб масавых мерапрыемствах" не прадугледжана заключэнне дамоваў аб медыцынскім абслугоўванні і ўборцы тэрыторыі да атрымання дазволу.
Дарэчы, у 2013 годзе сацыял-дэмакратам далі дазвол на правядзенне першамайскай дэманстрацыі па аналагічным маршруце. Дамовы аб медыцынскім абслугоўванні і ўборцы тэрыторыі партыйцы заключылі пасля атрымання дазволу гарвыканкама.
Рашэнне гарадскога кіраўніцтва актывісты БСДП(Грамада) збіраюцца абскардзіць у Брэсцкім аблвыканкаме.