Брытанскі эксперт: Петыцыя пра другі рэферэндум не будзе мець юрыдычнай моцы
Кіраўніцтва Еўрапарламента заклікае ўрад Вялікабрытаніі хутчэй прыняць афіцыйнае рашэнне па выніках рэферэндуму аб выхадзе з Еўрасаюза. Тады б гэта запусціла дзеянне 50 артыкула Лісабонскай дамовы, і працэс выхаду пачаўся б.
Але брытанскі парламент тэарэтычна яшчэ можа сказаць “не” выхаду з ЕС. Большасць выбраных дэпутатаў, што працуюць там, выступае за тое, каб Злучанае Каралеўства заставалася ў аб'яднанай Еўропе.
Еўрарадыё запыталася ў брытанскіх палітычных экспертаў, ці можа парламент, урад Шатландыі і Паўночнай Ірландыі або петыцыя павярнуць “брэкзіт” назад.
Палітычны эксперт, навуковы супрацоўнік брытанскага Каралеўскага інстытута замежных справаў Чатэм Хаўс Томас Рэйнс кажа, што брытанскі парламент наўрад ці пойдзе супраць волі народа:
“Канечне, сам рэферэндум без рашэння парламента не мае юрыдычнай сілы. Парламент не мае фармальных прававых падставаў накласці вета або ігнараваць рашэнне народа. Фактычна, гэта асудзіць свабодны выбар брытанскага народа”.
Брытанскі палітолаг Ен Бэг, таксама выказвае меркаванне, што такое наўрад ці адбудзецца, але спачатку трэба паглядзець, хто ўвойдзе ў склад новага парламента, выбары якога пройдуць у найбліжэйшыя месяцы. Менавіта ён будзе прымаць рашэнне пра запуск 50-га артыкула.
З іншага боку, заблакаваць працэс выхаду з Еўрасаюза можа парламент Шатландыі, мяркуе Томас Рэйнс:
“Калі шатландскі парламент заблакуе выхад з Еўрасаза, а ён мае тэарэтычную магчымасць, гэта створыць канстытуцыйны крызіс. Гэта можа адкласці любы рух па выхадзе з Еўрасаюза і пакласці пачатак другому рэферэндуму за незалежнасць рэгіёна”.
З гэтым не пагаджаецца Ен Бэг. На яго думку, старшыня Шатландскага ўрада Нікола Стэрджэн проста мае спіс абавязковых пытанняў, якія патрабуюць кансультацый з брытанскім урадам.
Адразу пасля рэферэндуму ў Вялікабрытаніі пачаўся збор подпісаў за тое, каб правесці яшчэ адзін рэферэндум. Гэтая электронная петыцыя на сайце ўрада набрала ўжо больш за 3 мільёны 700 тысяч подпісаў.
Але Томас Рэйнс мяркуе, што яны будуць разглядацца толькі для таго, каб паказаць, што голас гэтых людзей чуваць. Пройдуць нават дэбаты на тэму другога рэферэндуму, але яны не будуць мець ніякай юрыдычнай моцы.
Нашмат больш імаверна, што парламент будзе лабіраваць ідэю застацца ў эканамічнай зоне Еўрасаюза, па ўзоры Нарвегіі, выказвае меркаванне Томас Рэйнс.
Еўрадэпутат Андрэй Мамыкін тлумачыць, што ў аўторак Еўрапарламент будзе прымаць жорсткую рэзалюцыю па Вялікабрытаніі.
“Еўрапарламент у гэты аўторак прымае рэзалюцыю. Гэта першы выпадак на маёй памяці, калі Еўрапарламент збіраецца на пазачарговую пленарную сесію. Усе гэтыя выходныя кіраўнікі палітычных групаў кансультаваліся і працавалі нават з камісіяй над тым, каб рэзалюцыя была прынятая ў аўторак. Яе тэкст будзе вельмі жорсткім. Там будзе літаральна наступнае: хочаце сыходзіць — пайшлі прэч”.
У ёй прапішуць, каб камісар Еўракамісіі, абраны ад Вялікабрытаніі, максімальна хутка склаў паўнамоцтвы і каб перыяд выхаду краіны з Еўрасаюза пачаўся.