Мая Санду перамагае на выбарах у Малдове дзякуючы дыяспары

Выбары ў Малдове

Выбары ў Малдове / RFE/RL

Як паведамляе Цэнтрвыбаркам краіны, пасля апрацоўкі 99,46% пратаколаў Санду мае 55,22% галасоў. Яе сапернік Аляксандр Стаяногла набірае 44,78% галасоў.

Перамогу Санду прынеслі галасы дыяспары. У самой Малдове пасля апрацоўкі 100% пратаколаў атрымалася, што за Стояногла прагаласавалі 51,19% удзельнікаў выбараў, а за Санду — 48,81%.

Пры гэтым, як расказвала Еўрарадыё, у Беларусь, напрыклад, звозілі грамадзян Малдовы з Расіі, каб яны прагаласавалі ў амбасадзе ў Мінску.

Каментуючы вынікі выбараў, Санду заявіла, што "Малдова перамагла", а грамадзяне краіны "далі ўрок дэмакратыі, годны таго, каб яго ўпісалі ў падручнікі гісторыі".

Санду падкрэсліла, што цяперашнія прэзідэнцкія выбары ў Малдове праходзілі ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга ўціску. "Брудныя грошы, незаконны подкуп галасоў, умяшанне злачынных груповак у выбарчыя працэсы, распаўсюд нянавісці і страху ў нашым грамадстве. Але наш народ аб'яднаўся, і грамадзяне перамаглі", — цытуе яе словы newsmaker.md.

Таксама яна звярнулася да выбарцаў па-руску: "Дарагія малдаване, я ўдзячная кожнаму з вас, хто прыйшоў на выбары. Я пачула ваш голас: і тых, хто падтрымаў мяне, і тых, хто прагаласаваў за спадара Стояногла. Я абавязуюся быць прэзідэнтам для ўсіх вас. У нашым выбары годнай будучыні ніхто не прайграе".

Санду заявіла, што Малдове неабходна аб'яднанне грамадства. Паводле яе, грамадзяне краіны могуць мець розныя пункты гледжання і гаварыць на розных мовах, але ўсе хочуць міру, узаемаразумення і годнага жыцця для дзяцей. "Гэта мая галоўная мэта для Малдовы на найбліжэйшыя гады", — канстатавала яна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі