БТ выдаткуе больш за $80 тысяч на навагодняе шоу
Колькі плацяць беларускім "зоркам", невядома / БТ
Белтэлерадыёкампанія рыхтуецца да здымкі перадачы да Новага года. Частку паслуг для стварэння праекта дзяржкампанія закупляе праз сістэму дзяржаўных закупак. І яны вельмі цікавыя — дакладней, сумы, якія на іх прадугледжаны.
Напрыклад, па лоце "Паслуга па дэкарацыйным афармленні з ужываннем святлодыёднага абсталявання для вытворчасці тэлеперадачы" арыенціровачны кошт закупкі складае больш за 112 тысяч рублёў.
З тэхзадання вынікае, што здымку будуць праводзіць на пляцоўцы Беларусьфільма. А для афармлення патрабуюцца святлодыёдныя экраны, адзін памерам шэсць на сем метраў, другі — шэсць на восем. Яшчэ патрэбны святлодыёдныя палосы, слупы, жырандолі, "зорнае неба на тканінавай аснове" і да таго падобнае.
Яшчэ 75 тысяч рублёў гатовыя выдаткаваць на паслугі па светлавым афармленні студыі, гэта значыць на пражэктары і свяцільні.
Больш за 13 тысяч пойдзе на пастаноўку спецэфектаў: генератары іскраў, сухога снегу, цяжкага дыму, бенгальскія агні і падобнае. Нарэшце, 8,7 тысячы выдаткуюць на дэкарацыйнае афармленне.
Сумарна на падрыхтоўку святочнай перадачы Белтэлерадыёкампанія гатовая выдаткаваць толькі па гэтых лотах больш за 209 тысяч рублёў, а ў пераліку на долары — больш за 80 тысяч. І гэта без уліку сродкаў, якія выдаткуюцца на артыстаў і да таго падобнае. Нагадаем, гэта будзе зроблена на нашы з вамі падаткі: большую частку грошай холдынг атрымлівае з дзяржбюджэту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.